Васіль Цяпінскі: памылка ў энцыклапедыі і загадка партрэта
Пра славутага выдаўца, які застаецца ў цяні Скарыны, расказвае гісторык мовы Ігар Клімаў, аўтар манаграфіі «Евангелле ў перакладзе Васіля Цяпінскага».
НН: Цяпінскі ў масавым уяўленні заўжды трымаецца ў цяні Скарыны. У чым была розніца між іх светапоглядамі і выданнямі? Ці абышоў у нечым Цяпінскі Скарыну?
Ігар Клімаў:
Скарына адрасаваў свае выданні шырокай аўдыторыі — паспольству, людзям без рэлігійнай адукацыі. Адсюль і ілюстрацыі, і вялікі шрыфт…Папулярны характар маюць і яго прадмовы да біблейных кніг, разлічаныя на чалавека, не знаёмага (ці слаба знаёмага) з царкоўнай вучонасцю.
Цяпінскі ж клапоціцца перш за ўсё пра філалагічны аналіз евангельскага тэксту. І сваё выданне ён разглядаў як від такога аналізу. Таму яго публікацыя пазбаўлена маляўнічасці. Наадварот, яна выканана на найвышэйшым узроўні гуманістычнай думкі таго часу: мае маргіналіі (заўвагі на палях), спасылкі і адсылкі, разбіўку на вершы (царкоўнаславянскія Евангеллі атрымалі такую разбіўку толькі ў
Сваю публікацыю Цяпінскі здзейсніў у выглядзе дыглоты — дзвюхмоўнага выдання, калі на сторонцы змешчаны тэксты на царкоўнаславянскай і старабеларускай. Гэта наўрад ці магло быць зроблена ў нейкіх папулярных мэтах. Выданне адрасавалася асобам падрыхтаваным.Цяпінскі звяртаўся да вузкага кола знаўцаў — да рэлігійных правадыроў і актывістаў, да асоб, апантаных рэлігійнымі пытаннямі.
Цяпінскі скарыстаўся шрыфтам, падобным да таго, што выкарыстоўвалі Скарына і Будны. Цікава, што пасля гэтых трох выдаўцоў ён больш ніколі не ўжываўся ва ўсходнеславянскім друку.Малюнак шрыфту яўна заходні — ён узыходзіць да рэнесанснай антыквы,
Скарына пераняў яго з венецыянскіх выданняў кірыліцай, прызначаных для Босніі.
НН: Дзеля чаго Цяпінскі, які, у адрозненне ад Скарыны, быў, здаецца, нябедным шляхціцам, займаўся кнігадрукам?
ІК:
Гэта міф — быццам і Цяпінскі, і Скарына займаліся кнігадрукам у якасці хобі ці аматарства. Кнігадрукаванне было вельмі выдаткоўнай ды складанай працай. Таму поплеч са Скарынам мы бачым ягоных інвестараў:Івана Скарыну, брата асветніка; заможных віленскіх мяшчан Багдана Онкава, Якуба Бабіча, Юрыя Адзверніка. Ды і для самога Скарыны гэта быў спосаб падзарабіць — бо яму ж трэба было за нешта жыць. Але гэта ані не памяшае яго асветніцкія памкненні. Каб на першым месцы для яго стаяў прыбытак, ён выдаваў бы біблейныя кнігі для царквы — іх лягчэй было рэалізаваць. Ён жа ўзяўся выдаваць Біблію для простага чалавека, што было даволі рызыкоўна ў фінансавым плане.
Цяпінскі ж увогуле не мог разлічваць на вяртанне ўкладзеных сродкаў: яго выданне адлюстроўвала пазіцыю адной з рэлігійных плыняў — пратэстанцкай. Не для ўсіх яно было прымальна, не ўсе пажадалі б яго купіць.А некаторыя б, можа, захацелі і знішчыць такую кнігу (да нас дайшлі толькі два пашкоджаныя асобнікі, яны цяпер захоўваюцца ў Расіі). Відаць, кніга распаўсюджвалася сярод адзінаверцаў Цяпінскага (а таксама, напэўна, апанентаў), і не факт, што за грошы.
Хутчэй за ўсё, Цяпінскі ўкладаў у выдавецтва не толькі свае сродкі, але і сродкі сваёй пратэстанцкай грамады.Дакументальных доказаў гэтаму няма, але такое меркаванне імавернае.
З дакументаў вядома, што Цяпінскі быў шляхціцам, але пратэстантызм скасоўвае мяжу паміж царкоўным і штодзённым: там няма духавенства, там кожны здольны чалавек можа быць правадыром для вернікаў.
Хутчэй за ўсё, Цяпінскі з’яўляўся правадыром у нейкай пратэстанцкай грамадзе і займаў у ёй пост пастара ці казанніка. Таму ён і парупіўся перакласці Евангелле на зразумелую народную мову. Гэта тады была звычайная практыка многіх пратэстанцкіх супольнасцяў ва ўсёй Еўропе.
Асабіста ў мяне склалася ўражанне, што Цяпінскі быў больш суворы, больш патрабавальны і адказны за Скарыну чалавек — і перад сабой, і перад людзьмі. Ён трымае адказ перад самым «галоўным суддзем, перад якім мы ўсе стаць мусім» — перад Богам (тут — цытата з прадмовы Цяпінскага).
Сучасныя атэісты маглі б яго назваць рэлігійным фанатыкам. Ад Скарыны ў мяне такога ўражання няма.
НН: У чым галоўная заслуга Цяпінскага перад беларускай культурай, на Вашу думку?
ІК: Каротка на гэтае пытанне можна адказаць трыма паняццямі: Кніга — Мова — Слова.
Цяпінскі выдаў уласны пераклад Евангелля ў такім выглядзе, як ніхто ні да таго, ні нават пасля таго на Беларусі і ў Польшчы не выдаваў.Ім апублікаваны не толькі пераклад, але і царкоўнаславянскі тэкст, які паслужыў Цяпінскаму асноўным узорам для перакладу. Ён змясціў на палях кнігі друкаваныя каментары — маргіналіі з тлумачэннямі асобных месцаў евангельскага тэксту, цытаваў польскія і царкоўнаславянскія варыянты перакладу. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень навуковай думкі Беларусі тых часоў, але адначасова — і пра засваенне Цяпінскім дасягненняў заходнееўрапейскай філалагічнай думкі.
Мова Цяпінскага — тыповая старабеларуская мова таго часу з асаблівасцямі, навязанымі царкоўнаславянскімі і польскімі крыніцамі, якія выкарыстоўваў перакладчык.
Велізарная заслуга Цяпінскага ў тым, што на старабеларускую мову ён пераклаў менавіта Евангелле — асноўны і найбольш шанаваны хрысціянамі тэкст Св. Пісьма.Гэтым самым перакладчык засведчыў, што старабеларуская мова разам з іншымі мовамі Еўропы здольная ўжывацца для рэлігійнай камунікацыі.
Зразумела, перад Цяпінскім стаялі не нацыянальныя прыярытэты — як мінімум, да сярэдзіны XVIII ст. такія прыярытэты нікому і не заходзілі ў голаву, — а іншыя — рэлігійныя. Таму такім гарачым пафасам напоўнена яго прадмова да Евангелля. Яе лейтматыў — казаць Навуку Слова Божага, пашыраць Евангелле сярод народа. Няма сумневу, што свой пераклад ды выданне ён разглядаў менавіта як рэлігійную чыннасць.
* * *
5 фактаў пра Васіля Цяпінскагапаводле манаграфіі Ігара Клімава
1. Быў не з Цяпіна.
Перакладчыкам і выдаўцом Евангелля з’яўляецца не той Васіль Цяпінскі, які валодаў маёнткам Цяпіна на Полаччыне [так, напрыклад, сцвярджаецца ў Беларускай Энцыклапедыі — НН.], а яго стрыечны брат, таксама Васіль Цяпінскі, якому належаў маёнтак Латыголічы на Маладзечаншчыне. Адпаведна, і
друк кнігі мог адбывацца дзе заўгодна, але толькі не ў Цяпіне. Цяпіна на той час знаходзілася на мяжы з маскоўскімі ўладаннямі (маскавіты захапілі Полаччыну) і ў любы момант магло стаць аб’ектам рабаўнічага наезду.Так што друкарню трэба шукаць недзе ў
Друкарня магла працаваць таксама ў любым замку гэтага рэгіёна: Лоску, Заслаўі, Крэве…Сёння цяжка сказаць, дзе менавіта.
2. Вядомы партрэт Цяпінскага — не яго партрэт?
Партрэт, які вядомы цяпер, упершыню з’явіўся ў працы Ластоўскага 1926 г.
Вацлаў Ластоўскі быў таленавіты дылетант, а ў справе гларыфікацыі мінулага свайго народа ён не спыняўся перад фальсіфікацыяй, прыдумкай ці перабольшаннем.Дзесяцігоддзем раней нейкую выяву Цяпінскага знайшоў Рамуальд Зямкевіч ў магнацкай бібліятэцы ў Крошыне. Выява была ўплецена ў адзін з асобнікаў Брэсцкай Бібліі 1563 г. Нейкая выява магла сапраўды існаваць, але ці такой яна была, як вядома цяпер, — няясна.
3. Паліглот.
Цяпінскі паўстае перад намі вельмі адукаванай асобай — падчас працы з перакладам ён скарыстаў крыніцы на амаль усіх даступных мовах.У найбольшай ступені — польскі пераклад свайго паплечніка і аднадумца Сымона Буднага. Таксама Цяпінскі ўпершыню звярнуўся да рукапіснай спадчыны царкоўнаславянскага Евангелля, якая на той час налічвала ўжо сем стагоддзяў. Ён спасылаецца на яго розныя рэдакцыі — сучасная навука дазналася пра іх існаванне толькі ў канцы ХІХ ст.! Беларускі пратэстант карыстаўся і працамі заходніх гуманістаў. Усе яны былі напісаныя лацінай. Ён таксама павінны быў валодаць у пэўнай ступені і нямецкай мовай, каб выкарыстаць нямецкі пераклад Марціна Лютара, сляды ўздзеяння якога таксама бачныя ў старабеларускім перакладзе.
4. Мяняў наборшчыкаў.
Выдавецкая праца не была лёгкай. Пра гэта сведчаць перапынкі ў наборы тэксту Евангелля. Магчыма, тэкст перакладу абмяркоўваўся і выпраўляўся. Або ў Цяпінскага мяняліся наборшчыкі. Або яго друкарню сустракалі нейкія праблемы. У любым выпадку, тэкст помніка дае магчымасць наглядна прасачыць усе змены набору. Дарэчы,
падобныя змены ў тэксце беларускіх старадрукаў знойдзены пакуль толькі ў выданні Цяпінскага.
5. Яго словы пра «заняпад мовы» няправільна інтэрпрэтуюць.
Гэтую тэму Цяпінскі закрануў у прадмове да выдання. Ад пачатку ХХ ст. пад «мовай» часта разумееца (стара)беларуская, але гэта памылка:
Цяпінскі меў на ўвазе царкоўнаславянскую.
* * *
Ігар Клімаў — мовазнавец, кандыдат навук. Выкладае ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры. Кола навуковых інтарэсаў — гісторыя беларускай літаратурнай мовы, лінгвістыкі тэксту, сацыялінгвістыкі.
Каментары