Зяленскі, Байдэн, Макрон. Як мяняецца стаўленне беларусаў да сусветных лідараў
Незалежны праект па вывучэнні грамадскага меркавання ў Беларусі «Народнае апытанне» апублікаваў вынікі апытання пра падтрымку сусветных лідараў і геапалітычны выбар пратэсных беларусаў.

У рэспандэнтаў запыталіся, якіх сусветных палітычных лідараў яны ведаюць і як да іх ставяцца, а таксама ў якім геапалітычным саюзе трэба быць Беларусі.
— Самым папулярным замежным палітыкам застаецца Уладзімір Зяленскі. У красавіку 92% рэспандэнтаў адказалі, што станоўча ставяцца да прэзідэнта Украіны.
— Павялічыўся працэнт тых, хто станоўча ставіцца да Джо Байдэна (з 57% у сакавіку да 61% у красавіку) і Анджэя Дуды (з 76% да 81%). Станоўчае стаўленне захоўваецца да прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы (78%).
— Аднак значна пагоршала стаўленне да Эмануэля Макрона. У сакавіку станоўча да яго ставіліся 50% рэспандэнтаў, у красавіку — толькі 37%. Магчыма, змена стаўлення да прэзідэнта Францыі абумоўленая безвыніковымі спробамі дамовіцца з Уладзімірам Пуціным.
Менавіта дапамога Украіне вызначае стаўленне да сусветных лідараў, адзначаюць аўтары даследавання. Чым больш актыўна палітыкі аказваюць падтрымку Украіне, тым лепшае стаўленне да іх з боку пратэсна настроеных беларусаў.
Паводле экспертаў «Народнага апытання», вайна змяніла стаўленне прыхільнікаў пратэсту да геапалітычнага выбару. Большасць удзельнікаў апытання мяркуюць, што Беларусь павінна знаходзіцца ў ЕС. І ад пачатку вайны колькасць рэспандэнтаў, якія так лічаць, павялічваецца. У лютым за Еўрасаюз выказалася 38% рэспандэнтаў, а ў красавіку гэтую ідэю падтрымалі ўжо 60%.
Зменшылася колькасць людзей, якія лічаць, што Беларусь павінна знаходзіцца па-за геапалітычнымі саюзамі (з 37% у лютым да 20% у красавіку). Таксама менш людзей падтрымліваюць саюз з Расіяй і ЕС адначасова. У лютым за саюз з РФ і ЕС выказаліся 24 працэнты, у сакавіку і красавіку так лічыць 10-11 працэнтаў рэспандэнтаў.
Цяпер чытаюць
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі
Каментары