Еўрапейская камісія аб’явіла конкурс з бюджэтам 7 млн. еўра для краін «Усходняга партнёрства» ў рамках праекта EAST-INVEST. Аб гэтым паведамілі ў Прадстаўніцтве ЕС у Беларусі.
Праект EAST-INVEST разлічаны на паляпшэнне бізнес-асяроддзя краін «Усходняга партнёрства» і накіраваны на стымуляванне новых патокаў прамых замежных інвестыцый паміж ЕС і краінамі «Усходняга партнёрства», а таксама паміж самімі ўсходнімі суседзямі ЕС.
Як адзначылі ў прадстаўніцтве, сваёй мэты праект мае намер дасягнуць дзякуючы паляпшэнню сувязей паміж дзяржаўнымі і прыватнымі арганізацыямі Еўрасаюза з аднаго боку і краінамі «Усходняга партнёрства» — з другога.
Акрамя таго, плануецца, што праект EAST-INVEST будзе садзейнічаць абмену вопытам паміж краінамі «Усходняга партнёрства» і ЕС для ўмацавання супрацоўніцтва ў бізнесе, гандлі, перадачы тэхналогій, спрашчэнні мытных працэдур і інвестыцый, садзейнічаць развіццю патэнцыялу малога і сярэдняга бізнесу.
Канчатковы тэрмін падачы заяў для ўдзелу ў праекце — 4 сакавіка 2010 года.
Нагадаем, што краінамі «Усходняга партнёрства» з’яўляюцца Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна.
Каментары