«Санта Брэмар» хоча адсудзіць правы на брэнд у вядомага расійскага вытворцы, якога прызналі экстрэмісцкім за падтрымку УСУ
Вядомая беларуская кампанія «Санта Брэмар» мае намер пазбавіць расійскае прадпрыемства «КДВ Яшкіна» правоў на таварны знак «Топ-топ». Летась за падтрымку УСУ ўладальніка расійскіх брэндаў «Кірыешкі» і «Яшкіна» прызналі экстрэмістам і канфіскавалі ўсе актывы.
Кампанія «Санта-Брэмар» мае намер адсудзіць у расійскай «КДВ Яшкіна» правы на таварны знак «Топ-топ». Адпаведны пазоў прыняў да разгляду Суд па інтэлектуальных правах у Маскве, а папярэдняе пасяджэнне прызначана на 6 ліпеня, піша «Спутнік».
Беларускі бок абгрунтоўвае свае прэтэнзіі тым, што гэты брэнд даўно не выкарыстоўваецца расійскім уладальнікам.
У Расіі таварны знак «Топ-топ» быў зарэгістраваны для шырокай лінейкі кандытарскіх вырабаў — ад вафляў да шакаладу. Правы на яго пакуль застаюцца ў групы KDV, куды і ўваходзіць «КДВ Яшкіна».
У 2025 годзе Цвярскі суд Масквы прызнаў асноўнага ўладальніка кампаніі мільярдэра Дзяніса Штэнгелава і яго бацьку Мікалая «экстрэмісцкім аб’яднаннем» за фінансаванне ўкраінскага войска, пасля чаго іх маёмасць была канфіскаваныя ў даход дзяржавы.
Паводле версіі следства, Штэнгелаў-старэйшы спансаваў УСУ, а сын падтрымліваў яго дзеянні. Абодва мужчыны пражываюць за мяжой ужо больш за дзесяць гадоў.
Кампанія «Санта Брэмар», якая належыць брэсцкаму бізнэсмену Аляксандру Машэнскаму, актыўна развівае ўласную харчовую вытворчасць, у тым ліку папулярную серыю марожанага пад маркай «Топ». Паспяховае завяршэнне судовага працэсу дазволіць беларускаму вытворцу пашырыць правы на сугучны брэнд на расійскім рынку.
Цяпер чытаюць
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі
Каментары