Свет1515

Пасля забойства аяталы Хаменеі Крэмль стаў баяцца ўласных камер назірання — бо і іх можна ўзламаць

Пасля ліквідацыі вярхоўнага лідара Ірана аяталы Алі Хаменеі расійскія спецслужбы на некаторы час адключылі частку спецыяльнай сістэмы відэаназірання, якая выкарыстоўваецца для аховы Уладзіміра Пуціна і яго найбліжэйшага атачэння. Інструменты, якія аўтарытарныя рэжымы ствараюць для маніторынгу ўласных грамадзян, ператварыліся ва ўразлівасць, якую могуць выкарыстаць іх праціўнікі. З падрабязнасцямі знаёміць Financial Times.

Калаж, створаны з дапамогай інструментаў штучнага інтэлекту

Гаворка ідзе не пра амаль 300 тысяч камер, якія назіраюць за жыхарамі Масквы, а пра асобную закрытую сетку, прызначаную для бяспекі прэзідэнта Расіі і ягонага найбліжэйшага атачэння. Паводле крыніц выдання, пасля забойства вярхоўнага лідара Ірана аяталы Алі Хаменеі расійскія спецслужбы часова адключылі частку гэтай сістэмы. Яе вярнулі ў строй толькі пасля маштабнай праверкі і дадатковых мер па ізаляцыі ад інтэрнэту.

Падставай для такой рэакцыі стала аперацыя ізраільскай разведкі, якая выкарыстала вялікія масівы відэа з дарожных камер Тэгерана для вызначэння месца і часу сустрэчы Хаменеі з найбліжэйшымі дарадцамі 28 лютага. Падчас удару, які стаў пачаткам сумеснай амерыкана-ізраільскай ваеннай кампаніі супраць Ісламскай Рэспублікі, былі забітыя некалькі высокапастаўленых прадстаўнікоў іранскіх сілавых структур.

Дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў 26 мая папярэдзіў кіраўнікоў рэгіянальных сілавых структур пра новую пагрозу. Паводле расійскіх дзяржаўных агенцтваў, ён назваў забойства іранскіх чыноўнікаў «відавочным папераджальным сігналам» і заявіў, што іх месцазнаходжанне часткова было выяўлена дзякуючы праграмным «бэкдорам» у сістэмах відэаназірання Тэгерана.

Паводле суразмоўцаў FT, ізраільскія аналітыкі выкарысталі новыя тэхналогіі для стварэння падрабязнай карты Тэгерана, вывучэння паводзін аховы высокапастаўленых чыноўнікаў і вылучэння патрэбных цэляў з мільёнаў гадзін відэа. Атрыманая інфармацыя спалучалася з іншымі разведданымі, у тым ліку агентурнымі.

Новыя магчымасці і пагрозы

Сапраўдны скачок у развіцці такіх сістэм адбыўся прыкладна ў 2023 годзе, калі камерцыйныя мадэлі штучнага інтэлекту навучыліся ствараць відэа па тэкставых камандах. Адваротны працэс — пошук відэа па тэкставым апісанні — адкрыў новыя магчымасці для аналізу інфармацыі, якую штодня збіраюць камеры назірання. Паводле суразмоўцаў FT, яшчэ адзін істотны прарыў адбыўся каля года таму.

Новыя інструменты значна пераўзыходзяць традыцыйныя сістэмы распазнавання твараў, нумароў аўтамабіляў або зброі. Калі раней праграмы маглі выконваць толькі абмежаваны набор загадзя зададзеных запытаў, то цяпер сістэмы дазваляюць праводзіць пошук у відэазапісах з дапамогай тэкставых апісанняў і шукаць не толькі канкрэтныя аб'екты, але і мадэлі паводзін.

Напрыклад, сістэма здольная знайсці двух людзей, якія перадаюць адзін аднаму сумку, чалавека, што некалькі разоў за дзень мяняў вопратку або знешнасць, аўтамабіль, які нядаўна быў перафарбаваны, ці машыну, што шматкроць праязджала праз адно і тое ж месца.

Уладзімір Пуцін у сакавіку 2025 года. Фота: прэс-служба палітыка

Як адзначае FT са спасылкай на былых і дзейных супрацоўнікаў разведкі і высокапастаўленых чыноўнікаў з чатырох краін, новыя магчымасці штучнага інтэлекту выклікаюць сур'ёзную занепакоенасць у спецслужбах. Мільярды долараў, укладзеныя дзяржавамі ў сістэмы відэаназірання, могуць ператварыцца ў інструмент для іх праціўнікаў. Асабліва гэта датычыцца дарожных камер, якія фактычна дазваляюць вывучаць жыццё цэлых гарадоў і нават ахоўных аб'ектаў.

Пасля выяўлення канкрэтнага чалавека такія сістэмы могуць хутка стварыць падрабязнае дасье за некалькі месяцаў яго жыцця, аднавіўшы не толькі маршруты і звычкі, але і кола кантактаў. Пры гэтым сучасныя комплексы здольныя аб'ядноўваць інфармацыю не толькі з камер назірання, але і з сацыяльных сетак, перахопленых паведамленняў, разумных прылад і гісторыі перамяшчэнняў.

Як нагадвае FT, падобнымі тэхналогіямі валодаюць таксама ЗША і Вялікабрытанія, якія ўжо перадавалі Украіне дакладныя разведданыя для навядзення ўдараў, у тым ліку атрыманыя з высакаякасных відэа беспілотнікаў.

Адначасова актыўна развівае такія сістэмы і Кітай. Пекін інвестуе ў новае пакаленне камер і праграмнага забеспячэння на базе штучнага інтэлекту, здольнага інтэрпрэтаваць сцэны, выяўляць мадэлі паводзін і знаходзіць патрэбныя кадры па тэкставых запытах.

Аднак, як адзначыў прадстаўнік адной з краін разведвальнага альянсу Five Eyes («Пяць вачэй»), гэтыя інвестыцыі адначасова адкрываюць новыя магчымасці і для супернікаў Кітая: «Яны ўсталёўваюць камеры. Нам трэба толькі знайсці спосаб трапіць у сістэму. А спосаб заўсёды знойдзецца».

Камеры відэаназірання на вуліцы кітайскага горада. Фота: Witthaya Prasongsin / Getty Images

Як абараніцца?

Усведамленне таго, што ўласная сістэма назірання краіны можа быць гэтак эфектыўна выкарыстана супраць яе самой, выклікала шок у афіцэраў контрразведкі ва ўсім свеце.

Іх першай рэакцыяй стала спроба закрыць уразлівасці ў саміх камерах — задача неверагодна складаная, улічваючы, што сеткі назірання складаюцца з абсталявання розных пакаленняў.

Адной з рэакцый на новыя рызыкі стала рашэнне Індыі, якая з 1 красавіка 2026 года фактычна закрыла свой рынак для інтэрнэт-падключаных камер назірання ад шэрагу кітайскіх вытворцаў, уключаючы Hikvision і Dahua.

Гэта адбылося пасля таго, як FT паведаміла пра ізраільскі ўзлом іранскай сістэмы відэаназірання. Пры гэтым, як адзначае выданне, самі іранцы таксама змаглі атрымаць доступ да ізраільскіх камер бяспекі, але без сучасных сістэм аналізу эфект ад такіх аперацый быў значна меншы.

Асаблівую трывогу новыя магчымасці выклікаюць у Расіі. Заклапочанасць бяспекай Пуціна існавала і раней, паколькі ўкраінскія спецслужбы ўжо атрымлівалі доступ да расійскіх дарожных камер і выкарыстоўвалі іншыя лічбавыя дадзеныя, у тым ліку інфармацыю пра месцазнаходжанне мабільных тэлефонаў, падчас аперацый супраць высокапастаўленых расійскіх вайскоўцаў.

Паводле аднаго незалежнага ўкраінскага хакера, камеры ў Маскве і нават вакол Крамля па-ранейшаму рэгулярна становяцца аб'ектам узломаў. Ці здольная Украіна аналізаваць гэтыя патокі даных у прамысловых маштабах, ён удакладняць не стаў.

Вашынгтонская кампанія Airis, заснаваная ў тым ліку ветэранамі ізраільскай радыёэлектроннай разведкі, ужо прапануе сістэмы, здольныя знаходзіць людзей па характэрных паводзінах. Напрыклад, кантрабандыстаў з вялікімі нейлонавымі сумкамі ноччу або ўзброеных людзей з пэўнымі нашыўкамі і татуіроўкамі.

Сузаснавальнік Airis Ротэм Абелес адзначае, што толькі за апошні год выкарыстанне штучнага інтэлекту для аналізу розных патокаў дадзеных, уключаючы інфармацыю з сацыяльных сетак, скараціла час выканання такой працы з дзён да хвілін.

Аднак нават гэтыя сістэмы далёкія ад дасканаласці. Іх праціўнікамі часта становяцца групоўкі, якія карыстаюцца вельмі простымі сродкамі сувязі — рукапіснымі паведамленнямі або старымі аналагавымі тэлефоннымі лініямі.

Паказальным прыкладам стаў пошук лідара ХАМАС Ях'і Сінвара, якога Ізраіль лічыў адным з арганізатараў нападу 7 кастрычніка 2023 года. Ізраіль і яго саюзнікі задзейнічалі значныя рэсурсы для яго вышуку, у тым ліку выкарыстоўвалі аналіз хады, спрабуючы пазнаць Сінвара па характэрнай манеры рухацца ў натоўпе. Аднак у кастрычніку 2024 года ён быў забіты падчас таго, што ізраільскія вайскоўцы пазней назвалі выпадковай сустрэчай.

У апошнія хвіліны жыцця, зафіксаваныя беспілотнікам, які не здолеў яго распазнаць, Сінвар насіў ахоўныя акуляры і шчыльна наматаны шалік, які закрываў яго характэрныя вушы. Як адзначае FT, гэтая простая маскіроўка аказалася эфектыўнай супраць высокатэхналагічных сродкаў пошуку.

Каментары15

  • Сымон
    08.06.2026
    Бгг, інфармацыя аб замове пад кіраўніцтвам Шойгу - гэта не болей чым журналісцкая версія. А тое, што аяталу Хаменэі выследзілі па камерах і ўтылізавалі - гэта факт. Дарэчы, большасць вулічных камер, усталюемых лукашысцкай бандай для назірання за ўласным народам - вытворчасці Hikvision. Таму, таракан, рыхтуйся, калі што.
  • Подскажите пожалуйста
    08.06.2026
    Бгг, а вы что, против раскола в Кремле и того, что быстро доконает Путина?
  • Бгг
    08.06.2026
    Сымон, т.е. все, что появляется в прессе по сведениям "анонимных источников в разведке" для вас - факт? Вы действительно считаете, что в АМАН и Моссад существуют анонимные источники прессы, и они действительно раскрыают методы ведения операций под грифом top secret?

Цяпер чытаюць

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»22

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»

Усе навіны →
Усе навіны

У падмаскоўнай Балашысе ўзарвалі аўтамабіль, кіроўца загінуў5

Пасля атакі БПЛА зноў перакрылі Чангарскі мост: рух у бок Крыма заблакаваны2

Уварванне Расіі ва Украіну стала залатой жылай не толькі для Беларусі, але і для Паўночнай Карэі. Вось на чым яны нажываюцца6

Колькасць беларусаў у Літве з ДНЖ працягвае змяншацца12

22‑гадовы хлопец, якога шукалі валанцёры, знойдзены мёртвым1

Вайна ва Украіне дагнала па працягласці Першую сусветную1

На Кубані следам за анексаваным Крымам пачаліся перабоі з бензінам3

Ніводнага мінскага, гомельскага, італьянскага ці французскага. Затое ў Магілёве будуюць ужо чацвёрты расійскі дворык, гэтым разам — з мядзведзем13

Статкевіч: Для Беларусі можа стварыцца такая сітуацыя, што ўсе дзяржавы вакол нас будуць мець ядзерную зброю6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»22

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць