Куды з’ездзіць беларускаму меламану?
Куды з’ездзіць беларускаму меламану?
17—19 чэрвеня: Ob-La-Ki Ob-La-Ka
Віцебск працягвае традыцыю фестываляў, прысвечаных творчасці The Beatles. 17—19 чэрвеня горад Шагала пераўтворыцца ў аналаг Ліверпуля — у клубах, Летнім амфітэатры ды і ўвогуле на вуліцах будзе гучаць музыка «бітлоў». Як паказаў ранейшы «Бітлз»-фестываль у Лагойску, паслухаць музыку ліверпульскай чацвёркі збіраецца многа людзей.
Адзіны мінус — на кожны канцэрт трэба асобны квіток.
Спецыяльны госць фестывалю — расійскі «Акварыум». Сярод іншых выступоўцаў — найлепшыя выканаўцы «Бітлз» у Беларусі — гурт The Apples, а таксама алдовы гурт FLAT, блюзмэн Аляксандр Цыганок.
«Дзіракол»
Гэты ўкраінскі, запарожскі фэст нечакана для ўсіх стартаваў у 2010 годзе. Фестываль незалежнай музыкі летась прайшоў двойчы пры невялікай колькасці гледачоў і сабраў вельмі цікавых і розных выканаўцаў — ад блюзавага віртуоза Макса Таўрычнага з Кіева да авангардыстаў і легендарнага днепрапятроўскага блюзмэна Саныча Волгіна. Сярод гасцей фэсту — культавыя «Умка і Бро».
Дата фестывалю сёлета пакуль невядомая, але што ён будзе — сумневаў ніякіх, трэба проста сачыць за рэкламай.
І калі вы раптоўна апынецеся ў Запарожжы ці на крымскім узбярэжжы, з’ездзіць на фестываль варта — па ўзроўню незвычайнасці і незалежнасці з «Дзіраколам» не параўнаюцца нават «Пустыя Пагоркі».
22—24 ліпеня: «Басовішча»
Тлумачыць, што такое «Басовішча», няма патрэбы — для беларусаў гэты фэст ператварыўся ў лакальны аналаг легендарнага Вудстока. З той розніцай, што Вудсток адбыўся адзін раз, і з тых часоў яго імкнуцца аднавіць, а на «Басовішча» можна ездзіць штогод. Хэдлайнеры гэтага года — «Нейра Дзюбель», IQ 48 і польскі гурт R.U.T.A. Чаго чакаць ад фестывалю сёлета — таксама не пытанне. Т
ой, хто трапляў туды хоць раз, ведае: калі і ёсць у Беларусі нешта стабільнае, дык гэта «Басовішча».Адбудзецца яно, як заўжды, на Беласточчыне, ва ўрочышчы Барок пад Гарадком. Польскі бок сёлета абяцаў усім слухачам бясплатныя візы.
11—13 жніўня: Sziget
Знакаміты еўрапейскі фестываль сёлета прапануе шчаслівым уладальнікам шэнгенскіх візаў настолькі шырокую праграму, што ўзнікае пытанне, ці варта ехаць куды-небудзь яшчэ. Здаецца, усе: ад Эмі Уайнаўз да Pulp, aд Judas Priest да Cowboy Junkies сыграюць у Будапешце 11—13 жніўня.
Праўда, кошт квітка «кусаецца» — ад 45 да 200 еўра, але мерапрыемства таго вартае:цікавейшага музычнага кактэйлю ў Еўропе гэтым летам не будзе.
Каментары