Суд над адным з заяўнікаў «Чарнобыльскага шляху» Юрасём Зяньковічам перанесены на нявызначаны тэрмін.
Зяньковіч сёньня мусіў прыйсьці ў Савецкі раённы суд Менску, каб судзьдзя Аксана Ралява закончыла разгляд распачатай учора адміністрацыйнай справы. Зяньковіча як заяўніка «Чарнобыльскага шляху» абвінавачваюць у парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах. Учора судзьдзя заслухала паказаньні ўсіх сьведкаў — з боку міліцыі і з боку Зяньковіча ‑‑ і абвясьціла перапынак да 18 траўня.
Сёньня Юрась Зяньковіч у суд не зьявіўся, бо адчуў сябе кепска. Ён паведаміў Радыё Свабода, што мае бальнічны ліст па 21 траўня.
21 траўня таксама мае адбыцца працяг суду ў справе яшчэ адной заяўніцы «Чарнобыльскага шляху» актывісткі АГП Валянціны Палевіковай.
Каментары