Архіў

Народ супраць Лукашэнкі

№ 12 (221), 19 — 26 сакавіка 2001 г.


 Народ супраць Лукашэнкі

Заўчора, ідучы на працу, пабачыў на слупе пад вокнамі школы КДБ незвычайна прадаўгаваты, як для абвесткі, аркушык. Нехта прыклеіў паперку з раздрукаваным на прынтэры вершам Караткевіча: “Можна ўсё: пусьціць каханьне дымам...”

Тлустая круглаватая гарнітура, белая афсэтная папера. Нейкая мама-настаўніца набрала, бацька на працы раздрукаваў, аддалі сыну: “Ты ж толькі, сынку, беражыся...” А сын увечары адправіўся пад сьцены ўстановы страху. Неабходнае самасьцьвярджэньне. Гэтак і жанчына зь Ліды пасьля залеташняга Маршу Свабоды выгуквала ў камэру ОРТ фразы, што самі склаліся ў верш Ніны Мацяш: “Не баюсь КДБ! Не баюся турмы! Надаела такое жыцьцё!”

Верш клясыка, прыклеены ля пераходу на вуліцы Зьмітрака Бядулі, набывае палітычнае гучаньне. Ня ведаю, колькі людзей яго заўважылі. Факт наклейкі значыць для вечнасьці болей, чым факты прачытаньня. У Эўропе засталася адна краіна, дзе людзі клеяць вершы пад вокнамі КДБ. Адна краіна, дзе захавалася КДБ.

Сьцены дамоў вакол школы КДБ, як нідзе ў Менску, спрэс пакрытыя новымі і зафарбаванымі графіці. “Зубр”, “Край. Воля альбо сьмерць”, “Беларусь у NATO”. Сымбалічнае пераадоленьне страху. Каб жа кадэбісты зрабілі тутака засаду, штоночы лавілі б зухаў з балёнчыкамі. Але — ня робяць. Чаму ня робяць, маю толькі адно тлумачэньне: і кадэбісты робяцца “народам”, калі выходзяць са сьценаў сваёй сыстэмнай установы. А “народ супраць Лукашэнкі” настолькі ж бясспрэчна, наколькі сыстэма — за. Ня ловяць, бо ня хочуць.

Адзін верш Караткевіча, наклеены пад закратаванымі вокнамі школы агентаў, дае гісторыку права менавіта гэтак трактаваць сытуацыю апошніх гадоў: “Народ супраць Лукашэнкі”. Але сам факт расклейкі вершаў на слупах у хроніку не трапляе. Як не трапляюць і тысячы падобных фактаў найноўшае беларускае гісторыі.

“Хроніка сямі гадоў”, створаная Алегам Гардзіенкам, — гэта хроніка палітычнае апазыцыі рэжыму Лукашэнкі, а не культурнага супраціву і не “гісторыі паўсядзённасьці”. У якую і ўпісваюцца праявы кшталту памнажэньня вершаў Караткевіча ці лірыкі Мацяш (хоць першыя, магчыма, каштавалі некаму пяці ночаў арышту, а другія паэтцы — дзяржаўнай прэміі). Хроніка палітычнае гісторыі непазьбежна загрузае ў бясконцых мітынгах, пікетах і шэсьцях. (Колькі ж іх адходжана за сем гадоў! Сьмела можна будзе некалі казаць, што народ выхадзіў свабоду.) Гісторыя паўсядзённасьці непазьбежна цяплейшая, чым хроніка газэтных падзеяў.

Для палітычнай гісторыі аўтар выбірае толькі падзеі з выразна палітычнай афарбоўкай, дый ня ўсе. Скажам, карціна Артура Клінава “Піцьцё чаю” ў хроніку не трапляе, як і клінаўскі пэрформанс, калі мастак, апрануўшыся ў турэмную робу, зьбіраў грошы для беларускіх палітвязьняў. Пра фільм Хашчавацкага “Звычайны прэзыдэнт” аўтар піша, а блізкія па стылістыцы фільмы Міндліна, Дашука й Шарамета прапускае. Спэктаклі Мазынскага і Пінігіна адзначае, а Ляляўскага — не. А гучная адстаўка міністра прамысловасьці Куранкова, які ня стаў цярпець хамскай крытыкі з прэзыдэнцкай трыбуны, а, грукнуўшы дзьвярыма, выйшаў з залі, дзе праходзіла нарада, — гэта палітыка ці паўсядзённасьць? Аўтар мяркуе, што паўсядзённасьць. Ня трапіў у хроніку і выбух на газаправодзе пад Слуцкам, адказнасьць за які ўзяло Беларускае Вызвольнае Войска. Для гісторыка ў гэтым інцыдэнце яшчэ замнога цьмянага, вось ён і абышоў яго маўчаньнем. А пушчаная пад нож кніга вершаў Эдуарда Акуліна? А палымяная грамадзянская лірыка Ніла Гілевіча, зь якой трыбун прарываўся на старонкі дзяржаўных газэтаў? Для аўтара “Хронікі” гэта — гісторыя культуры. А перадачы на БТ, аўтары якіх наважваліся прапусьціць інтэрвію зь дзеячом апазыцыі і за гэта страчвалі працу? А гарадзенец Мацко, які праз суд адстойваў права сваёй дачкі вучыцца на роднай мове?

Самая-самая хроніка сямі гадоў яшчэ застаецца ненапісаная, і магчыма, яе напіша не звычайны гісторык.

Рэдактар


Каментары

Цяпер чытаюць

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»25

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»

Усе навіны →
Усе навіны

«Ты прастытутка Амерыкі і Ізраіля»: як іранка правяла 45 сутак на Акрэсціна13

Бабруйскі ўхілянт бегаў ад войска, пакуль не злавілі. Пасля дэмбеля паехаў ваяваць за Пуціна — у адзін канец2

Вярхоўны суд пакінуў у сіле прыгавор былому дырэктару Intex-Press Уладзіміру Янукевічу і змяніў тэрмін яго намесніку1

На пажары ў Шклоўскім раёне загінулі муж і жонка. Жанчына ў апошні момант паспела перадаць суседцы двухгадовага ўнука

У падмаскоўнай Балашысе ўзарвалі аўтамабіль, кіроўца загінуў5

Пасля атакі БПЛА зноў перакрылі Чангарскі мост: рух у бок Крыма заблакаваны2

Уварванне Расіі ва Украіну стала залатой жылай не толькі для Беларусі, але і для Паўночнай Карэі. Вось на чым яны нажываюцца8

Колькасць беларусаў у Літве з ДНЖ працягвае змяншацца14

22‑гадовы хлопец, якога шукалі валанцёры, знойдзены мёртвым1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»25

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць