Архіў

Аляксандар Фядута. Фронт за мяжой фронту

№ 37 (299), 4 кастрычніка 2002 г.

Фронт за мяжой фронту

Скончыўся месячнік, які ТБМ прысьвяціла беларускай мове як мове штодзённага побытавага ўжытку. Ідэя была добрая, але атрымалася — ізноў-такі — “як заўжды”. З кім мы размаўлялі па-беларуску, з тымі і размаўляем далей, а з кім па-расейску — з тымі па-расейску. Пры гэтым мае беларускамоўныя знаёмыя толькі ветліва пасьміхаліся, калі я ім нагадваў пра ініцыятыву шаноўнага Алега Трусава. Бо ініцыятыва была сама сабою, жыцьцё ж — само сабою, а сп.Алег апынуўся ва ўжо традыцыйнай сытуацыі, калі лідэр ТБМ прыходзіць на мітынг са скрыняй для ахвяраваньняў у рукох. Хто захацеў — падаў, хто не захацеў — не падаў.

Я не хачу сказаць гэтым, што ініцыятыва ТБМ недарэчная і бессэнсоўная. Таксама я ня маю намеру аспрэчваць права любой грамадзкай арганізацыі вылучаць любыя ініцыятывы. Але хацелася б разумець, чаму ТБМ вылучае ініцыятывы, выніковасьць якіх кепска паддаецца ўліку? Бо самае галоўнае — не прафанаваць ідэі. Калі ідэя робіцца сьмешнай, яна перастае валодаць масамі.

Узьнікае адчуваньне, што нашая грамадзянская супольнасьць у поўным складзе адарвалася ад рэальнага жыцьця. Сьпярша гэта адбылося з партыямі, якія ў большасьці сваёй ня толькі не зьбіраюць складак, але й сыстэматычна ходзяць “налева”, шукаючы “інвэстара”. Дзеля зьнешняга фінансаваньня яны гатовыя ня толькі паступіцца ідэалёгіяй (“Лібэралы направа, эсдэкі налева — разысьціся!”), але яшчэ і працуюць па прынцыпе: “Будзе хлеб, будуць і песьні!” А на ідэю (калі ня Леніна, дык хоць Мілтана Фрыдмана) маглі б папрацаваць і бясплатна.

Пасьля тым самым заняліся прафсаюзы. Пра “свабодныя” казаць ня буду: пішаш пра Генадзя Быкава, а на цябе гарлаюць так, нібы ты пасягнуў на гонар і сумленьне сп.Васіля. Але цяпер гаворка пра сп.Козіка. Гэтаму Козіку ў самы час заўстыдацца: найбуйнейшым наймальнікам у краіне зьяўляецца дзяржава, а Козік добрасумленна адмаўляецца ад барацьбы з гэтым наймальнікам і засяроджваецца на інвэстыцыях і турызьме, як калі б ён быў міністрам эканомікі ці турызму. Зрэшты, справа гэтая ёсьць справай саміх прафсаюзаў. Але ў тую дзірку ўляпалася і моладзь. Навасьпечаны лідэр разагрэтага БРСМ Аляксандар Нахаенка ўслых цьвердзіць пра дзяржаўнае фінансаваньне арганізацыі. Дзіўная рэч: паўтара месяца таму ён якраз і стаяў на чале канторы, якая фінансавалася дзяржавай на ўсе 100%, — Дэпартамэнту па справах моладзі. Але ж пайшоў у NGO! Навошта тады ўдаваць зь сябе NGO, калі ўсё адно фінансаваньне дзяржаўнае?

І, атрымаўшы ад дзяржавы грошы, гэтыя слупы наваяўленай дэмакратыі a-la Lukašenka будуць рэалізаваць свае “абарончыя” мэты, прадугледжаныя статутамі, з аглядкай на крыніцу фінасаваньня. А то ж чым іх спарадзілі, тым і прыбіць могуць. Гэта плата за манаполію на ажыцьцяўленьне абарончых функцыяў. Але і ў прафсаюзьнікаў, і ў маладняку ёсьць хоць нейкая альтэрнатыва: можна выбіраць паміж Нахаенкам і Севярынцам, паміж Козікам і Канахом. А ці ёсьць альтэрнатыва ў сяброў дэмакратычна арыентаваных NGO? Няма! Бо дэмакратычна арыентаваныя NGO закліканыя бараніць інтарэсы сваіх сяброў, а на практыцы іх дзейнасьць зводзіцца да вельмі дзіўных акцыяў. Накшталт, няхай даруе мне сп.Алег, блуканьня па мітынгах са скрыняй для ахвяраваньняў у рукох. А вось выбіць грант не на недарэчную мабілізацыйную кампанію, а на беларускамоўны ўнівэрсытэт сп.Алег ня можа. У гэтым не віна ягоная, а бяда. І бяда ўсёй краіны. Адам Мальдзіс распавядаў мне неяк, што прасіў Сораса: “Не давайце грошы на палітыку, давайце на культуру!” Усё правільна. Давалі NGO грошы на палітыку — цяпер няма грошай нават на культуру.

Пяць гадоў NGO ўспрымаюць сябе як партызанскія атрады ў варожым тыле. Гэта вельмі кепска. Частка зь іх ператварылася ў крыніцы існаваньня для дзеячоў палітычных партый. Гэта яшчэ горш, бо байцы, якія шукаюць грошай у прыфрантавой паласе, ператвараюцца ў марадзёраў. Трэба пакідаць поле бою прафэсійным рэвалюцыянэрам, статкевічам ці лябедзькам, няхай вырашаюць самі, хоць я асабіста бяз жаху і на гэтых глядзець не магу. А NGO хай бы засяроджваліся на пасільных акцыях, строга кантраляваных і асэнсаваных. Так, БАЖ пачаў зьбіраць подпісы за адмену трох артыкулаў крымінальнага кодэксу. Зразумела, навошта, хто і як гэтым займаецца. Ёсьць адказныя. Дасьць бог, будуць і вынікі. І пакуль мне асабіста зразумела, чым займаецца NGO пад назвай БАЖ, я буду плаціць гэтай арганізацыі штогадовыя складкі.

І што дзіўна: калі сапраўды ўзьнікае патрэбная і карысная ініцыятыва — па Курапатах ці па законе пра веравызнаньне — народ зьбіраецца сам, не чакаючы рэгістрацыі чарговага NGO. Можа, так яно і трэба?

Аляксандар Фядута


Каментары

Цяпер чытаюць

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі67

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі

Усе навіны →
Усе навіны

65‑гадовага гамельчука асудзілі за спробу дыверсіі на чыгунцы і здраду дзяржаве. Што вядома?6

У маі УСУ вызвалілі амаль на 100 квадратных кіламетраў больш, чым страцілі — Сырскі10

Па Гродне гуляе такса з сасіскамі ў зубах

У Магілёве прадпрымальніца стварыла «месца здзяйснення жаданняў». Улады прымусілі яго прыбраць4

Дом Андрэя Макарэвіча ў Ізраілі пашкоджаны ў выніку іранскага ракетнага ўдару5

Да «Дажынак» у Калінкавічах мяняюць ружовую плітку на блакітную, а цана касмічная5

У Брытаніі разгарэўся скандал вакол трагічнай смерці 18‑гадовага хлопца: паліцыянты яму не паверылі49

Зяленскі папярэдзіў Пуціна, што Украіна «вельмі блізкая» да стварэння балістычнай ракеты13

Беларус пераканаў Данію, што яго некалькі судзімасцяў за наркотыкі — фактычна палітычны пераслед. І атрымаў прытулак8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі67

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць