Архіў

Нашто мы сьпяваем

Пачатак такі… Машына кранулася, набрала хуткасьць, уехала ў лес, на павароце вылецела з дарогі, урэзалася ў дрэва… Дэтэктывы так пачынаюцца. Кіно запаўняе нашую сьвядомасьць. Таму чалавек у машыне мусіў загінуць. Калі глядзець на сьвет вачыма кінагледача. У мяне іншае вока. Чалавек не загінуў. Ён трапіў у больніцу. Я ведаў яго. Гаварыў зь ім. Пісаў пра яго… Вось і патэлефанавалі з газэты… Напішыце… Пішу…

Такая была гісторыя… Пайшоў я на канцэрт. Купіў квіткі, запрасіў дзяўчыну. Беленькая, сьветлавокая, ружавашчокая дзяўчына была ў мяне. Ёй 19, мне 20. Самы час хадзіць на канцэрты. Ну, музыка там, песьні, цемра ў залі… Можна дзявочую руку пагладзіць. Можна і пацалаваць дзяўчыну, можна і… Толькі тым разам я руку гладзіў… А ў дзяўчыны на пальцы пярсьцёнак быў. Выдатны пярсьцёнак, залаты, бацькамі падораны. Ёсьць завядзёнка: на паўналецьце залатыя рэчы дарыць. Вось бацькі назьбіралі грошай, набылі пярсьцёнак і падаравалі сваёй любімай дачушцы. А яна яго надзела на канцэрт. Такі быў час, калі на музычныя канцэрты апраналіся, як у тэатар. Нават я надзеў свой адзіны касьцюм. Сядзім мы пры поўным парадзе. Гладзім рукі адно аднаму, музыку слухаем. Так нам добра, што так добра не павінна быць. Вось і здарылася непрыемнасьць: пярсьцёнак зьляцеў з пальца і ўпаў на падлогу. І каб жа на падлогу, а то дакаціўся да шчыліны і ў тую шчыліну праваліўся. Канцэрт праходзіў у Палацы спорту. Каб пасадзіць болей слухачоў-гледачоў, паміж сцэнаю і трыбунамі выстаўляліся прыступкі з дошак, а на іх стаўляліся крэслы. Пад гэтыя прыступкі і паляцеў пярсьцёнак. Дзяўчына мая — у сьлёзы. Сапраўды, шкада падарунку. Паабяцаў я яго дастаць. Дачакаліся мы заканчэньня музычных нумароў. Гледачы-слухачы пакінулі палац. А я ўгаварыў наглядчыцу, каб пусьціла мяне ў залю. Палез я пад тыя прыступкі, а тамака — пыл, павута, сьмецьце рознае. Лазіў, поўзаў, мацаў, але ж пярсьцёнак знайшоў. Касьцюмчык мой страціў парадны выгляд. У гэтым перапэцканым і памятым касьцюмчыку, з залатым пярсьцёнкам у кішэні я пайшоў да сцэны. Хацелася мне на музыкаў зблізку паглядзець. Яны ходзяць, шнуры скручваюць, перагаворваюцца пра сваё, будзённае. Простыя людзі, у простых касьцюмах. На вуліцы сустрэнеш і не пазнаеш… Выйшаў я з палацу, надзеў пярсьцёнак на палец сваёй прыгажуні, і мы пайшлі цалавацца, мілавацца і там рознае ды маладое… Гэта я вось да чаго: чалавек, які сядзеў за стырном «мэрсэдэса», што ўрэзаўся ў дрэва, тады іграў свой канцэрт… Ён 30 гадоў свае канцэрты іграў. І роўных яму не было. Геній ён. А тут, як сказалі мянты, — ня справіўся з кіраваньнем. Усе думалі, што адразу памрэ, а ён не памёр, ён выжыў. Толькі калі пайшла інфармацыя, што ён акрыяў, устаў з ложка і сеў у інвалідны вазок, калі ўсе ўздыхнулі з палёгкаю, вось тады ён і памёр. Мне патэлефанавалі і папрасілі напісаць пра яго. Я і ўзгадаў гісторыю з пярсьцёнкам… Тады я пабачыў яго зблізку, як зараз цябе. Пазьней мне пашанцавала выступаць зь ім на адной сцэне. Дзякуючы яму, я зразумеў, нашто мы сьпяваем, вершы там розныя пішам, карціны малюем. Гэта каб нехта ў свае 20—19 прыходзіў на канцэрт, гладзіў ручку, губляў пярсьцёнкі, знаходзіў іх, радаваўся, і потым было маладое і шчасьлівае, і ўсё такое… Каханьнем яно завецца.

Адам Глёбус

Каментары

Цяпер чытаюць

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі82

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі

Усе навіны →
Усе навіны

«Нешта драматычнае не было перададзена». Франак Вячорка пракаментаваў скандал з Алінай Харысавай27

«Нахабна ўсё знішчылі». Мінчанка ў шоку ад кветкавых вандалаў у двары3

«У падвале, на голай плітцы». Людзі абураныя ўмовамі ўтрымання жывёл у кантактным заапарку ў Полацку3

На Шчучыншчыне сталі прамыслова выпускаць грыбную расаду1

З віцебскага дома, каля якога размыла грунт, адселяць жыхароў

Пасля забойства аяталы Хаменеі Крэмль стаў баяцца ўласных камер назірання — бо і іх можна ўзламаць15

«Водар» і «Смачны»: на ўпакоўках пішуць, што на заквасцы, а яны на дражджах5

Украінскія дроны з ШІ аўтаномна збіваюць «шахеды»: іх пусцілі ў серыю1

65‑гадовага гамельчука асудзілі за спробу дыверсіі на чыгунцы і здраду дзяржаве. Што вядома?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі82

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць