БЕЛ Ł РУС

Следчы па справе Мікалая Аўтуховіча перабраўся ў ЗША

1.04.2013 / 09:23

МБ

Мікалай Аліхвер вёў першую справу Аўтуховіча — у 2003-2005 гадах, калі яго судзілі за нібыта эканамічнае злачынства.

Жыццёвую траекторыю следчага Аліхвера адсачыла рэжысёрка Вольга Мікалайчык. Яна адшукала ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» амерыканскія фоты Аліхвера з подпісам «Я шчаслівы». Жыве Аліхвер у горадзе Атланта (штат Джорджыя) на поўдні ЗША.

Для маладога следчага Упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці справа былога афганца, прадпрымальніка Аўтуховіча, была адной з першых. Улады распачалі яе пасля таго, як Аўтуховіч стаў кандыдатам ад апазіцыі па Ваўкавыскай акрузе ў 2004 годзе. Па звестках незалежных сацыёлагаў, ён упэўнена перамагаў.

Паводле непацверджанай інфармацыі, Аліхвер выйграў Green Card.

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч цяпер знаходзіцца ў Гродзенскай турме. Яго перавялі туды з калоніі. Гэткае пагаршэнне рэжыму здарылася са шматлікімі палітвязнямі амаль адначасова. На думку праваабаронцаў, такім чынам з іх спрабавалі выбіць прашэнні аб памілаванні. Аўтуховіч нічога такога не падпісаў.

«Раз Аліхвер цяпер шчаслівы, значыць, яго не мучаць згрызоты сумлення», — наракае спн. Мікалайчык. Пасля распаўсюду інфармацыі старонка Аліхвера з сацыяльнай сеткі «Аднакласнікі» знікла.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула