Том Стопард напісаў п'есу па матывах самага паспяховага альбома Pink Floyd
Брытанскі драматург Том Стопард заявіў, што напісаў радыёп'есу па матывах канцэптуальнага альбома Pink Floyd «The Dark Side of the Moon»,паведамляе The Daily Telegraph.
Стопард перапрацаваў 40-хвілінны альбом у гадзінную п'есу, у якой музыка Pink Floyd будзе чаргавацца з дыялогамі, напісанымі драматургам. Са слоў аўтара, сюжэт п'есы раскажа пра стасункі маладой пары, на прыкладзе якой драматург пакажа існаванне «сучасных душ».
Дэвід Гілмар, удзельнік Pink Floyd і суаўтар "The Dark Side of the Moon», ужо вывучыў сцэнар п'есы і назваў яго «выдатным».
Выхад п'есы прымеркаваны да 40-гадовага юбілею «The Dark Side of the Moon". Яе прэм'ера адбудзецца 26 жніўня ў эфіры радыёстанцыі BBC Radio 2.
***
Том Стопард - брытанскі драматург чэшскага паходжання, аўтар шматлікіх тэатральных, тэлевізійных і кінематаграфічных пастановак. Сярод самых вядомых яго кінапрац - сцэнары да фільмаў «Бразілія» Тэры Гiлiама і «Закаханы Шэкспір» Джона Мэдзіі, за які ён атрымаў «Оскар». У ліку апошніх работ Стопарда - сцэнар экранізацыі «Ганны Карэнінай» 2012 года, а таксама серыял «Канец параду» з Бенедыктам Камбербэтчем у галоўнай ролі.