БЕЛ Ł РУС

Драбільшчык Літвінка: Я тлумачыў, як змагацца за свае правы

4.04.2013 / 08:51

Зміцер Панкавец

На «Граніце» — новае звальненне.

Анатоль Літвінка.

Драбільшчыка Анатоля Літвінку азнаёмілі з загадам аб звальненні 1 красавіка, пасля выхаду з начной змены. Але гэта быў зусім не жарт.

Прычына — «сістэмнае невыкананне працоўных абавязкаў». «Чапляліся да кожнай дробязі. І за ўсё афармлялі загады»,
— кажа Літвінка карэспандэнту «НН». Да гэтага, за 12 гадоў працы, спагнанняў работнік не меў.

Незалежны прафсаюз узнік на «Граніце» пры канцы 2011. Да яго далучылася больш за 200 чалавек. Людзі патрабавалі лепшых умоваў працы і павышэння заробкаў.

Рэгістраваць прафсаюз на прадпрыемстве адмовіліся. Пагрозамі змусілі многіх выйсці з яго шэрагаў. Самых упартых звальнялі. Так, напрыклад, здарылася з лідарам суполкі, кіроўцам БелАЗа Алегам Стахаевічам.

«Сваіх не кідаю, працягваю дапамагаць хлопцам, якія застаюцца працаваць на «Граніце», — кажа Стахаевіч. Ён змог знайсці працу, але не кажа дзе.

Агулам з прадпрыемства ўжо звольнілі сем чалавек: Алега Стахаевіча, Мікалая Карышава, ягоную жонку, Віталя Пашэчку, Генадзя Паўлоўскага, Анатоля Літвінку і ягоную жонку Людмілу. «Рыхтуюцца звольніць яшчэ памочніка машыніста эскаватара Леаніда Дубаносава, але не могуць ніяк, бо ён у адпачынку да мая», — кажа Стахаевіч.

Чаму новая хваля звальненняў адбываецца цяпер? «Зачышчаюць канчаткова лідараў незалежнага прафсаюза, — кажа Літвінка. — Адміністрацыя баіцца нязгодных».

Прычыну канкрэтна свайго звальнення ён патлумачыў так: «У нас на прадпрыемстве нядаўна прайшла атэстацыя рабочых месцаў. Пасля гэтага нас пазбавілі некаторых ільгот: аднялі сем дзён ад адпачынку, зменшылі аплату за працу ў шкодных умовах. Я стаў тлумачыць, як з гэтым змагацца. Паводле адукацыі я юрыст. Афіцыйны ж прафсаюз прамаўчаў».

Літвінка мае намер судзіцца, хоць і не асабліва верыць, што гэта дасць вынік.
«Працу ў Мікашэвічах пасля звальнення з «Граніта» знайсці амаль нерэальна», — кажа ён.

Літвінку 37 гадоў, ён родам з Мікашэвіч. «Нашаму генеральнаму дырэктару таксама 37 [Эдуарду Гаўрылковічу — «НН»]. Мы з ім вучыліся ў паралельных класах. Вельмі добра яго ведаю. Але шляхі мы з ім выбралі розныя».

Ці не сорамна дырэктару звальняць колішняга прыяцеля? «Сорамна, думаю. Але пасля кожнага наступнага ўчынку насуперак уласнаму сумленню такое пачуццё прытупляецца», — кажа Анатоль Літвінка.

* * *

Ад Рэдактара

Сімвалічна, што гэтым разам «за палітыку» адначасова звальняюць рабочых — на «Граніце» (Анатоль Літвінка) і прафесуру — у Гродне (Вячаслаў Швед).

У чым жа заключалася іх «палітыка»?

Рабочыя з мікашэвіцкай каменаломні паспрабавалі арганізаваць рэальны прафсаюз (ведамства Козіка там існуе, як і ўсюды, для праформы), каб дабіцца павышэння зарплат.

А выкладчыкаў Гродзенскага ўніверсітэта (імя Янкі Купалы!) караюць за ўдзел у выданні кнігі «Гродназнаўства», на вокладцы якой гісторыкі змясцілі «Пагоню» — герб, які быў дзяржаўным на нашых землях прынамсі 500 гадоў з 900, якія існуе Гродна.

Вось такія «злачынствы». Вядома ж, і свабода стварэння прафсаюзаў, і свабода слова гарантаваныя законамі Беларусі. На паперы.

І тыя, і тыя звальненні маюць на мэце застрашыць — у адным выпадку рабочы клас, у другім — інтэлігенцыю. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Шапіра прызнаўся, што сам прыклаў руку да звальнення, з падачы КДБ.

Якімі будуць наступствы гэтых звальненняў? Звальненні выкладчыкаў адназначна прывядуць да таго, што Беларусь чарговы раз не прымуць у еўрапейскі Балонскі працэс, г.зн. беларускія дыпломы не будуць прызнавацца за межамі краіны. Таму што калегі з еўрапейскіх ВНУ адмаўляюцца лічыць універсітэтамі ўстановы, з якіх выкладчыка можна вось так проста выгнаць за ўдзел у напісанні кнігі, па рашэнні нейкага там губернатара ці спецслужбы.

На абарону ж рабочых «Граніта» паўстануць сусветныя прафсаюзы.

Але галоўнае — гэтыя звальненні зменяць свядомасць сем’яў, калектываў, супольнасцяў. Несправядлівасць не забываецца і вяртаецца да тых, хто яе чыніць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула