БЕЛ Ł РУС

Маладзечанскія фанаты гатовыя за ўласныя грошы забяспечыць удзел каманды ў футбольным чэмпіянаце

10.04.2013 / 11:46

Nashaniva.com

Футбольныя аматары абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што сёлета на матчы маладзечанскай каманды можна будзе хадзіць па абанементах.

Рабіць гэта плануюць для таго, каб заявіць каманду ў чэмпіянаце.

Мы патэлефанавалі Аляксандру Любанцу, дырэктару клуба «Маладзечна».

— Спадар Аляксандр, што ўяўляюць сабой абанементы?

— Абанементы на гульні Другой лігі, на сённяшні дзень, — гэтая адзіная рэальная дапамога клубу.
Каштаваць абанементы будуць каля 100 тысяч рублёў. Агульная колькасць абанементаў складае 1500.

— Дзе іх можна будзе набыць?

— Канкрэтная інфармацыя з’явіцца ў сераду пасля 18.00.

— Скажыце, а ўдзел маладзечанскай каманды ў Другой лізе — яшчэ адкрытае пытанне?

— Не, ужо цяпер я магу сказаць, што футбольны клуб з Маладзечна ў сезонах 2013–2014 будзе існаваць! Да 15 красавіка нам трэба пацвердзіць удзел у чэмпіянаце.
Таму я прашу ўсіх аматараў футбола не заставацца ў баку.

— Няўжо грошай, атрыманых ад продажу абанементаў, хопіць на ўтрыманне цэлага футбольнага клуба?

— Не трэба думаць, што ўсё так блага! Работа ў нас ідзе поўным ходам! Цяпер вядуцца размовы аб супрацоўніцтве з авіякампаніяй «Эціхад» (ААЭ), мы актыўна дамаўляемся з турыстычнымі кампаніямі нашага горада. Можам запэўніць усіх: футбол у Маладзечне жыве!

Па-ранейшаму не сціхаюць спрэчкі наконт таго, пад якой назвай будуць выступаць футбалісты з Маладзечна?

— Мы пакінулі гістарычную назву клуба — футбольна-спартыўны клуб «Маладзечна».

— А трэніроўкі праходзяць?

— А як жа! У гэтую суботу адбудзецца першы спарынг. Але, напэўна, я не магу ўсе таямніцы раскрываць. Лепш такія пытанні трэнеру задаваць, піша «Рэгіянальная газета».

***

Футбольны клуб у Маладзечне быў заснаваны ў 1989 г. як «Металург». Быў чэмпіёнам БССР у 1991 г., калі першынство гулялася як чэмпіянат працоўных калектываў.

У 1992–1999 і 2001—2003 гг. гуляў у вышэйшай лізе. У сезоне 1994/1995 гг. заняў 4-е месца.

З 2005 г. гуляе ў 2-й лізе. Найвышэйшага росквіту футбол у Маладзечне дасягнуў у першай палове 1990-х, калі горадам кіраваў Генадзь Карпенка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула