Румас: Мне не падабаецца, калі супрацоўнік міліцыі бачыць мяне парушальнікам
Старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас разлічвае, што ў перспектыве сцюарды заменяць міліцыю на стадыёнах.
«Мне не падабаецца, калі на мяне супрацоўнік міліцыі глядзіць так, што я нешта парушыў. Я іду ў добрым настроі глядзець футбол», — сказаў Румас 10 красавіка ў гутарцы з журналістамі пасля заканчэння справаздачнай канферэнцыі БФФ. «Але гэта наша рэчаіснасць», — дадаў ён.
Паводле слоў Румаса, БФФ працягне навучанне сцюардаў з улікам ранейшых памылак, калі былі арганізаваны курсы, а людзі на стадыёны працаваць не пайшлі.Кіраўнік федэрацыі заявіў, што ўскладае вялікія надзеі на чалавека, адказнага ў БФФ за працу з заўзятарамі.
На канферэнцыі Румас паведаміў аб планах павялічыць наведвальнасць стадыёнаў на 10%. У інтэрв’ю журналістам ён адзначыў, што для яго важна зразумець, наколькі цікавым для заўзятараў будзе пераход да двухэтапнага чэмпіянату.