У Маладзечне падчас супрацьпажарных вучэнняў здарыўся сапраўдны пажар
23 красавіка падраздзяленням Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях на вучэннях у інтэрнаце па вуліцы Ф.Скарыны, 10а давялося тушыць сапраўднае ўзгаранне.
Каля 14.30 падчас вучэнняў, якія праводзіліся на шостым паверсе, раптам загарэлася бытавая тэхніка на 7-м, 8-м і 9-м паверхах — камп'ютар, пральная машына і тэлевізар.
Гаспадароў дома не было. Выратавальнікі аператыўна справіліся з узгараннямі, не дапусціўшы вялікага пажару ў інтэрнаце. Прычынай узгаранняў стаў, хутчэй за ўсё, скачок напругі ў электрасетках.
Намеснік начальніка ГРАНС Дзяніс Ушацкі звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што не спрацаваў ніводны з аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, якія ўстаноўлены ў пакоях інтэрната.
Прычына ў тым, што гаспадары проста своечасова не замянілі батарэйкі ў апавяшчальніках.
«Гэта яшчэ добра, што здарэнне адбылося днём, калі людзі былі на працы. А калі б ноччу? Апавяшчальнікі не разбудзілі б гаспадароў. Абавязкова трэба сачыць за спраўнасцю гэтых прыбораў», — сказаў Дзяніс Ушацкі.