У Маладзечне дзеці знайшлі баявую гранату
Яе ліквідавала група размініравання спецпадраздзялення «Алмаз».
Здарэнне адбылося 30 красавіка, за два дні да адкрыцця парку імя Перамогі, піша «Рэгіянальная газета».
30 красавіка вечарам, каля 19:50 школьнікі, якія гулялі ў парку, знайшлі там гранату Ф-1. Яны расказалі пра гэта нараду дэпартамента аховы, які праязджаў непадалёк.
Яны паведамілі пра гранату ў райаддзел міліцыі. Міліцыя — у ваенкамат, адкуль і паступіла паведамленне ў МНС.
Потым паведамленне пра гранату накіравалі ў Мінск, у групу размініравання спецпадраздзялення «Алмаз». Каля 22 гадзін «Алмаз» прыехаў і знішчыў яе.
Пра гэта распавёў Сяргей Гладкі, намеснік начальніка па дзяржаўнай сістэме папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і па грамадзянскай абароне маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Якіх часоў граната, пакуль не ўдакладняюць.