Мужчына тараніў на аўтамабілі латвійска-беларускую мяжу
Мужчына спрабаваў прарвацца праз латвійска-беларускую мяжу на «Аўдзі А6», паведамілі ў прэc-цэнтры Дзяржпагранкамітэта.
Кіроўца аўтамабіля, не скончыўшы ўсе працэдуры афармлення перасячэння мяжы на пункце пропуску Сілене (Латвія), разагнаўся на сваёй машыне да вялікай хуткасці і накіраваўся ў бок беларускага пункта пропуску Урбаны. Дзяжурны гэтага пункта своечасова паспеў паставіць адмысловую прыладу для прымусовага спынення.
Мужчына заўважыў гэта і быў вымушаны спыніць аўтамабіль.
Мужчына быў затрыманы беларускімі памежнікамі. Высветлілася, што гэта грамадзянін Беларусі. У яго машыне ніякіх забароненых да правозу прадметаў выяўлена не было. Аўтамабіль знаходзіцца на стаянцы для канфіскаваных машын. З парушальнікам праводзіцца разбіральніцтва.
Прычына яго ўчынку пакуль незразумелая.