Пакуль гаспадар хадзіў па нож, з шафы скралі мільёны
У вёсцы Шчарачыха Вілейскага раёна 10 красавіка абакралі пенсіянера.
Апоўдні да яго ў хату зайшлі чатыры жанчыны. Папрасілі нажа, каб парэзаць сала.
«Той пайшоў па нож, адсутнічаў хвіліны тры-чатыры, – расказаў начальнік Вілейскага раённага аддзела Следчага камітэта Мікалай Раманчук. — Жанчыны парэзалі сала і выйшлі з дома. Пасля іх сыходу мужчына ўбачыў, што з шафы зніклі амаль усе грошы — 22 мільёны рублёў».
Завялі крымінальную справу за крадзеж. Вядзецца расследаванне.
А Мікалай Раманчук раіць вяскоўцам:
«У выпадку з’яўлення ў доме падазроных асоб, не пакідайце іх адных без нагляду. Бо бачыце, ім хопіць лічаных хвілін, каб знайсці і скрасці вашы грошы».