Адсек прыяцелю рукі, каб таго не пазналі па адбітках пальцаў
У Расіі асудзілі беларуса за двайное забойства землякоў.
31-гадовы ўраджэнец Магілёўскай вобласці адправіцца за краты на 21 год. Яго прызналі вінаватым у двайным забойстве, разбоі, крадзяжы аўто, наўмысным пашкоджанні чужой маёмасці, уцёках з-пад варты.
Адметна, што раней ён быў судзімы на радзіме. Па інфармацыі Следчага камітэта Расіі,
яму далі 15 гадоў за забойства з хуліганскіх памкненняў. Але ў кастрычніку 2011 вызвалілі ўмоўна-датэрмінова — за добрыя паводзіны.
Летам 2012 ён даведаўся, што ў прыяцеля ёсць вялікія грошы — 20 тысяч даляраў. Каб іх скрасці, прыдумаў цэлы план. А ў памагатыя ўзяў такога ж былога зэка.
Прапанаваў багатаму земляку ўзначаліць брыгаду будаўнікоў для працы ў Маскве. Той пагадзіўся. Нават прапанаваў ехаць на сваім «Мерсэдэсе», прыхапіў з сабой і грошы. Выехалі ўтрох з Магілёва ўначы на 10 верасня 2012. А праз 330 кіламетраў, каля вёскі Чорнае Вяземскага раёна, папрасілі спыніцца — па патрэбе. Выбралі, калі на дарозе не было іншых машын. А калі вярнуліся з кустоў, накінулі кіроўцу на шыю рэмень. Ён, праўда, вызваліўся і кінуўся ўцякаць.
Дагналі і задушылі ўжо ў кювеце. Скралі 20400 даляраў і 20 тысяч расійскіх рублёў. Каб земляка не пазналі па адбітках пальцаў, адсеклі яму рукі. А цела кінулі ў лесе.
Затым развярнуліся і паехалі назад у Беларусь. Але па дарозе завадатар вырашыў не дзяліцца з памагатым.
Калі спыніліся каля могілак у Раслаўльскім раёне, каб спаліць сваё адзенне, зарэзаў знаёмца.
Дадому вырашыў вяртацца на чужым аўто. Але ў Дарагабужскім раёне выляцеў у кювет. Машына захрасла — і беларус яе падпаліў.
Затрымалі яго ў Расіі праз паўтара тыдня. Праўда, ужо з ізалятара ён паспрабаваў збегчы — злавілі ў той жа дзень. Цяпер давядзецца сядзець за кратамі. У Беларусі, між іншым, за двайное забойства прадуглдеджана пакаранне ажно да расстрэлу. У Расіі на смяротнае пакаранне накладзены мараторый.