«Народная газета» стане ілюстраваным часопісам
Беларускае грамадска-палітычнае выданне «Народная газета», якое існуе ўжо амаль 25 гадоў, з ліпеня 2014 года мяняе канцэпцыю і будзе выходзіць у фармаце 64-старонкавага ілюстраванага штотыднёвіка з тэматычнымі дадаткамі.
Штотыднёвік разлічаны на шырокае кола чытачоў, а ад звыклай штодзённай «Народной» яго будуць адрозніваць інфармацыйнае напаўненне і дызайн.
«Мы паспрабавалі максімальна адысці ад афіцыёзу і шаблонаў, зрабілі стаўку на якасную аналітыку і публіцыстыку, яркія фота і ізаграфіку», — расказаў галоўны рэдактар выдання Ігар Савосценка. Паводле яго слоў, у штотыднёвіку будуць аўтарскія калонкі журналістаў і экспертаў, інтэрв'ю, каментарыі, бліц-апытанні, актуальныя рэпартажы, напісаныя жывой выразнай мовай, і шмат іншага.
Сярод дадаткаў да выдання — «Здоровье», «Усадьба», «Театр», «Кино». Пры гэтым у новым фармаце захаваецца падрабязная праграма тэлеперадач.
«Народная газета» была надзвычай папулярнаю пры дэмакратычным рэдактару Іосіфу Сярэдзічу. Яна мела тыраж 400 тысяч асобнікаў. Калі Сярэдзіча звольніў Лукашэнка, наклад стаў падаць і скаціўся да 30 тысяч. Разам з тыражом знікала са старонак і беларуская мова.