Карта Мінска CityInfo абнавілася да версіі 3.0
Новая версія папулярнай праграмы для Windows выйшла 13 студзеня. Спампаваць праграму можна тут.
Новая версія уключае абнаўленне мясцовасці па стане на канец 2014 года, адрасацыю і пошук па адрасе ў Бараўлянах, Заслаўі, Ждановічах і іншых прыгарадах Мінска. Падтрымліваюцца ў актуальным стане схемы руху грамадскага транспарту.
Для кагосьці прыемнай, а для кагосьці не вельмі стане інтэграцыя праграмы з каталогам TUT.BY. Па кліку на многія будынкі цяпер паказваюцца арганізацыі і ўстановы, што там размешчаныя, ды інфармацыя пра іх з каталогу. Можна лёгка адшукаць усе цырульні ці ветэрынарныя аптэкі горада.
Але панэль каталога, што займае добрую чвэрць экрану, ніяк не адключаецца.
У дадатак да яе карыстальнік заўсёды бачыць два рэкламных банеры і рэкламу прадпрыемстваў на самой карце. Гэта дазваляе распрацоўшчыкам распаўсюджваць праграму бясплатна.
***
CityInfo дагэтуль не мае версіі для смартфонаў ці анлайн-сервісу. Замяніць яе могуць, напрыклад, «Яндэкс.Карты», што маюць як нумарацыю дамоў, так і пракладку маршрутаў на грамадскім транспарце. Яны дасяжныя як праз браўзер, так і праз адмысловыя праграмы для Android, iOS і Windows Phone.