Мядзведзеў загадаў «Газпрому» паставіць газ у Данбас
Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў даручыў «Газпрому» сумесна з Міністэрствам энергетыкі прапрацаваць магчымасць пастаўкі газу ў Данбас у якасці гуманітарнай дапамогі рэгіёну.
Пра гэта кіраўнік расійскага ўрада заявіў на пасяджэнні кабінета міністраў у чацвер, 19 лютага.
«Хацеў бы, каб Мінэнерга разам з «Газпромам» падрыхтавала прапановы аб аказанні гуманітарнай дапамогі ў выглядзе паставак газу для патрэбаў гэтых рэгіёнаў [Данецкай і Луганскай абласцей], калі не будуць прынятыя дзеянні па газазабеспячэнні па звыклай схеме, — патлумачыў Мядзведзеў, — людзі там не павінны замерзнуць».
Кіраўнік урада таксама распарадзіўся даставіць у пацярпелыя рэгіёны усходу Украіны ежу і медыкаменты. «Людзі ў цэлым шэрагу населеных пунктаў галадаюць, уключаючы Дэбальцава», — адзначыў прэм'ер.
Пасля таго, як Украіна спыніла падачу газу ў Данбас прадстаўнікі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі заявілі пра пераход на расійскае паліва. Перападключэнне да іншых газавых магістраляў было ажыццёўлена ў ноч на 19 лютага.
17 лютага кампанія «Укртрансгаз» паведаміла пра пашкоджанне трубаправода, які ішоў ад магістральнага газаправода «Новапскоў — Краматорск» у Данецкай вобласці. Пашкоджаны ўчастак перакрылі, пяць размеркавальных станцый засталіся без газазабеспячэння.