БЕЛ Ł РУС

Алеся Міхалевіча сёння дапытвалі ў Следчым камітэце

11.09.2015 / 14:53

Экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, які застаецца ў статусе абвінавачванага па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года, 11 верасня дапытвалі ў Следчым камітэце Беларусі. 

«Я сёння быў у Следчым камітэце, допыт працягваўся паўтары гадзіны. Усё прайшло ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам, нават запісвалі мае паказанні па-беларуску», — сказаў Міхалевіч. 

Паводле яго слоў, следчы цікавіўся прычынамі, з-за якіх Міхалевіч у 2011 годзе з'ехаў у Чэхію, а таксама ўдакладняў, ці пагаджаецца палітык са сваімі папярэднімі паказаннямі. 

Міхалевіч пры гэтым замаўляў пра азнаямленне са сваімі ранейшымі паказаннямі, паколькі прайшло прыкладна пяць гадоў з таго часу, як ён іх даваў. У СК Міхалевічу сказалі, што «патэлефануюць на наступным тыдні і скажуць, калі можна будзе з імі азнаёміцца». 

Пры гэтым палітык пацвердзіў інфармацыю, што на першы допыт пасля вяртання ў Беларусь яго выклікалі вусна, без позвы. «Маёй жонцы патэлефанавалі і папрасілі мяне ператэлефанаваць. Я не стаў ісці на прынцып, таму што лічу, што можна дамовіцца і па тэлефоне», — сказаў Міхалевіч. 

Экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе Алесь Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь 8 верасня праз чатыры з паловай гады эміграцыі ў Чэхіі, дзе ён атрымаў палітычнае прыстанішча. Палітык быў затрыманы беларускімі пагранічнікамі пры ўездзе з Літвы падчас пашпартнага кантролю як асоба, што знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Міхалевіч быў перададзены міліцыі, але праз некалькі гадзін адпушчаны на волю пад падпіску аб нявыездзе, хоць не падпісваў ніякіх дакументаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула