БЕЛ Ł РУС

17-гадовая беларуска Вера Лапко выйграла юніёрскі Australian Open — 2016

30.01.2016 / 12:24

17-гадовая беларуская тэнісістка Вера Лапко выйграла юніёрскі адкрыты чэмпіянат Аўстраліі, які праходзіць у Мельбурне. У вырашальным матчы яна перамагла славачку Тэрэзу Міхалікаву — 6:3, 6:4.

Інтэнсіўная барацьба на працягу паўтары гадзіны праходзіла па ўсім корце. Дзяўчаты прадэманстравалі агрэсіўны тэніс і змагаліся за кожнае ачко.

Пра гэта сведчыць той факт, што, нягледзячы на паразу ў першым сэце, другая сеяная на турніры Міхалікава ў другой партыі прыклала нямала намаганняў для таго, каб усё ж пазмагацца за тытул. Аднак Лапко, якая атрымала пяты нумар пасеву, удалося ўзяць наступныя пяць геймаў і стаць пераможцай прэстыжных спаборніцтваў.

«Я была вельмі ўсхваляваная, калі Тэрэза стартавала ў другім сэце. Але цяпер я проста шчаслівая і не ведаю, што яшчэ дадаць. Я проста атрымліваю асалоду ад першай у кар'еры перамогі на турніры серыі «Вялікага шлема»», — сказала пасля паядынку Вера.

Вера Лапко стала другой тэнісісткай з Беларусі, якой удалося заваяваць аўстралійскі Мэльбурн у юніёрскім узросце. У 2005 годзе тут першынствавала Вікторыя Азаранка, экс-першая ракетка свету.

***

У гэты час праходзіць фінал жаночага турніру, дзе гуляюць Серэна Уільямс і Ангеліка Кербер. Кербер, нагадаем, выйграла ў чвэрцьфінале ў Вікторыі Азаранкі.

У нядзелю пройдзе фінал мужчынскага турніру, дзе згуляюць Новак Джокавіч і Эндзі Мюрэй.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула