У Германіі завялі справу на расійскага карэспандэнта, які зняў фальшывы сюжэт пра «дзяўчынку Лізу»
Пракуратура Берліна пачала папярэдняе расследаванне супраць карэспандэнта расійскага «Першага канала» Івана Благога. Нагодай стаў сюжэт пра нібыта выкрадзеную і згвалтаваную ў Нямеччыне 13-гадовую расійскую дзяўчынку Лізу.
Хадайніцтва наконт законнасці сюжэта падаў нямецкі адвакат Марцін Лютле, паведамляе РБК. Адвакат лічыць, што сюжэт «Першага канала» зняты «ў духу расійскай прапаганды» і «служыць для распальвання міжнацыянальнай варожасці». Хаця кампетэнцыя нямецкіх органаў юстыцыі не распаўсюджваецца на расійскія СМІ, адвакат перакананы, што Іван Благой парушыў законы Нямеччыны, бо расійскія каналы ў краіне могуць глядзець да 6 млн рускамоўных грамадзян.
Дарэчы, паліцыя Берліна афіцыйна заявіла, што расследаванне не пацвердзіла звесткі пра выкраданне і згвалтаванне. Аднак у паліцыі ўдакладнілі, што дзяўчынка некаторы час лічылася сярод зніклых. Паводле папярэдніх звестак, дзяўчына сыходзіла з дому сама.