БЕЛ Ł РУС

Зэльцэр зьмешчаны ў Навінкі

15.04.2008 / 19:39

Nashaniva.com

Пра тое паведаміў адвакат арыштаванага.


Эмануіл Зэльцэр

Марк Зэльцэр ня ведае, чаму ягоны брат, амэрыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр зьмешчаны ў псыхіятрычны шпіталь.

Па тэлефоне зь Нью‑Ёрку Марк Зэльцэр сказаў:

«Ён там, пра гэта я ведаю ад ягонага адваката. Пасадзілі здаровага чалавека ў «псыхушку». Сказалі, што хочуць зрабіць яму нейкія дасьледаваньні мэдычныя. Здаецца, у старыя часы, калі звычайныя катаваньні не дапамагалі, КДБ гэтаксама зьмяшчаў людзей у «псыхушку». Гэтак я разумею, а як інакш? Чаму ў «псыхушку»?»

У КДБ Беларусі не камэнтуюць зьвестак адносна знаходжаньня Эмануіла Зэльцэра ў псыхіятрычным шпіталі. «Без камэнтару. Ідзе сьледзтва», — адказаў кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю КДБ Валер Надтачаеў.

Згодна з ранейшымі заявамі КДБ, адвакат Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны паводле падазрэньня ў падрабленьні дакумэнтаў і ўтрымліваўся ў турме КДБ «амэрыканка».

Як пачуваецца вязень, пра якога вядома, што ён пакутуе ад хранічнай хваробы? Са спасылкай на адваката Марк Зэльцэр паведаміў, што ягонаму брату не хапае лекаў:

«Яму лекі нейкія даюць, але ня тое, што трэба. Бо не даюць тыя , якія мы яму паслалі, а іншыя ён баіцца прымаць у «псыхушцы», — сказаў Марк Зэльцэр.

14 красавіка Дзярждэпартамэнт ЗША зрабіў заяву, у якой заклікаў улады Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязаньні і дазволіць затрыманаму грамадзяніну ЗША рэгулярна сустракацца з прадстаўніком амбасады ЗША ў Менску. Дагэтуль вядома пра адну такую сустрэчу, якая адбылася ў канцы сакавіка. Эмануіл Зэльцэр быў затрыманы ў Менску 12 сакавіка.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула