Таварыства аховы помнікаў прапануе пашырыць сьпіс невыязных
За кошт тых, хто спрычыніўся да разбурэньня гістарычнай спадчыны
Паводле яго слоў, такое рашэнне можна прыняць на падставе невыканання дзяржаўнымі служачымі нацыянальнага заканадаўства, міжнародных методык, рэкамендацый і прававых актаў, што цягне да страты беларускай гісторыка‑культурнай спадчыны, як часткі агульнаеўрапейскай цывілізацыі. Гэта можна кваліфікаваць як праяву этнацыду.
«Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі выказваюць вострую занепакоенасць працягам негатыўных працэсаў у галіне зберажэння гісторыка‑культурнай спадчыны беларусаў і іншых народаў, якія жылі на тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны. Маштабы знішчэння помнікаў нацыянальнай спадчыны, як унесенай, так і не ўнесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка‑культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, становяцца катастрафічнымі. Звароты і апеляцыі ў органы ўлады, кантрольна‑рэвізійныя, наглядныя і праваахоўныя структуры не знаходзяць з іх боку паразумення», — падкрэсліў А.Астаповіч.
Таварыства аховы помнікаў прапануе ўключыць у спіс невыяздных міністра культуры Уладзіміра Мацвейчука, намесніка міністра культуры, старшыню Навукова‑метадычнай рады па пытаннях аховы гісторыка‑культурнай спадчыны і рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры Уладзіміра Грыдзюшку, намесніка начальніка упраўлення аховы гісторыка‑культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага, старшыню Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Міхаіла Паўлава і старшыню камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Віктара Нікіціна.
«Гісторыка‑культурная спадчына Беларусі — гэта не прыватная ўласнасць купкі дзяржаўных чыноўнікаў, гэта нават не набытак адной толькі нашай краіны. Матэрыяльныя і духоўныя здабыткі на беларускіх землях належаць беларусам, народам, якія жылі сярод нас, а таксама суседнім народам», — зазначыў А.Астаповіч.