БЕЛ Ł РУС

Трамп перамог у Невадзе на рэкордных па яўцы кокусах

24.02.2016 / 09:54

На ўнутрыпартыйных выбарах кандыдата ў прэзідэнты ад рэспубліканцаў у штаце Невада пераканаўчую перамогу атрымаў мільярдэр Дональд Трамп, які набраў 42% галасоў, паведамляюць амерыканскія СМІ са спасылкай на ўласныя апытанні выбаршчыкаў.

Reuters.com

Ёсць дадзеныя аб тым, што Трамп набраў найбольшую колькасць галасоў нават у выхадцаў з Лацінскай Амерыкі, нягледзячы на не раз зробленую ім заўвагу аб неабходнасці пабудаваць сцяну на мяжы з Мексікай для стрымлівання патоку мігрантаў.

За другое месца барацьба ідзе паміж сенатарам ад Фларыды Маркам Рубіа (папярэдні вынік - 25%) і сенатарам ад Тэхаса Тэдам Крузам (21%).

Паводле папярэдніх дадзеных, у кокусах у Невадзе ўдзельнічала рэкордная колькасць выбаршчыкаў.

Пры гэтым з многіх месцаў для галасавання прыходзілі паведамленні пра вельмі дрэнную арганізацыю кокусаў, спробы некаторых удзельнікаў прагаласаваць больш як адзін раз і поўным хаосе пры падліку галасоў.

У афіцыйным «Твітэры» Рэспубліканскай партыі было апублікавана абяцанне самым сур'ёзным чынам расследаваць кожны такі выпадак.

Невада стала чацвёртым штатам, дзе прайшлі унутрыпартыйныя выбары рэспубліканцаў, і ў трох з іх перамогу атрымаў Дональд Трамп, толькі ў Аёве ён саступіў Тэду Крузу.

Наступныя унутрыпартыйныя выбары адбудуцца ў «супераўторак», 1 сакавіка, калі праймерыз і кокусы пройдуць адначасова больш чым у дзесяці штатах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула