БЕЛ Ł РУС

Замок адмыкаўся лёгка. Таму зламыснікі двойчы вярталіся красці закаткі

29.02.2016 / 13:06

Здарэнне адбылося ў Валожынскім раёне.

Халоднай зімовай раніцай 27 снежня двое мужчын, аматараў выпіць, стаялі ля валожынскага рынку з думкамі пра тое, з кім і за якія грошы выпіць.

Праз тры гадзіны бессэнсоўнага стаяння, аднаго з іх асяніла думка.

— У мамы маёй у падвале захоўваюцца закаткі: памідоры, агуркі. Іх жа можна памяняць на гарэлку, — сказаў сын гаспадыні і павёў сябра ў свой падвал.

Замок у падвале адчыніўся лёгка. Трэба было толькі пальцам падпіхнуць клямку.

Вынеслі 10 банак закатак, памянялі на самагонку. Выпілі.

На раніцу сябру гаспадара закатак не давала спакою думка, што замок у падвале так лёгка адкрываецца, а закатак там яшчэ безліч.

Узяў іншага таварыша і накіраваўся да падвала. Вынеслі яшчэ 10 банак, потым вярнуліся па здабычу ізноў.

Гаспадыня выклікала міліцыю. Валожынскі РАСК узбудзіў крымінальную справу па артыкуле «Паўторны крадзеж здейснены групай асоб».

– Бабуля, што выклікала міліцыю, плача, скардзіцца, – расказвае старшы следчы Валожынскага РАСК Сяргей Лапцік, маўляў, яна цэлае лета працуе на агародзе, а тут нейкія сволачы крадуць. Праўда, пра тое, што сын і паказаў месца, дзе ўзяць закаткі, маўчыць. Скрадзенае вернутае гаспадыні. Жанчына харошая, шкадуе злодзеяў. Але пакуль заяву не забрала, а гэта значыць, што сябрам сына можа пагражаць да чатырох гадоў зняволення.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула