БЕЛ Ł РУС

Суд апраўдаў кіроўцу, якога абвінавачвалі ў незаконным падвозе пасажыра

13.04.2016 / 11:32

Эканамічны суд Мінскай вобласці 13 красавіка пастанавіў спыніць справу ў дачыненні да вадзіцеля Івана Сапоненкі, якога абвінавачвалі ў незаконным падвозе пасажыра.

«Спыніць справу за недаказанасцю віны», — пастанавіў суддзя Уладзімір Ціцянкоў.

Нагадаем, 15 сакавіка Іван Сапоненка бясплатна падвёз пасажыра з пасёлка Свіслач у Мінск. Транспартная інспекцыя расцаніла гэта як незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць (ч. 1 арт. 12.7 КоАП). Кіроўца настойваў, што грошай у спадарожніка не браў і не патрабаваў.

Пасажыр Яўген Шпаковіч патлумачыў у судзе, што па ўласнай ініцыятыве пакінуў на падлакотніку паміж сядзеннямі 25 тысяч рублёў. Ён не ведае, ці бачыў гэта Сапоненка.

«Кошт паездкі не абвяшчаўся. Я сам вырашыў заплаціць у якасці падзякі», — заявіў Шпаковіч.

Прадстаўнікі транспартнай інспекцыі настойвалі, што атрымалі ад легальных перавозчыкаў скаргу, што ўпаў пасажырапаток, бо жыхары Мінска і раёна падвозяць людзей на асабістых аўто. Нібыта ў гэтай скарзе згадваецца і машына Сапоненкі.

Аднак суд пастанавіў, што віна кіроўцы не даказаная, і спыніў справу.

Адвакат Івана Сапоненкі таксама накіраваў скаргу на неправамерныя дзеянні супрацоўніка транспартнай інспекцыі, які склаў пратакол у дачыненні да яго даверніка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула