Вікіпедыя на ангельскай мове: што беларусы могуць рабіць
Па шматлікіх просьбах напісаў пару пунктаў па тэме «Ангельская Вікіпэдыя: што мы можам рабіць».
Вікіпэдыя — самая папулярная ў сьвеце энцыкляпэдыя, галоўны анлайнавы даведнік па любой цікавай вам тэме. Галоўная асаблівасьць і ўнікальнасьць Вікіпэдыі ў тым, што яна рэдагуецца самімі людзьмі. І ў гэтым якраз крыніца яе пасьпяховасьці: прыходзяць эрудыты-энтузіясты і пішуць па тэмах, якія ім блізкія і дзе яны разьбіраюцца.
Канечне, пры такой схеме не пазьбегнуць неаб'ектыўнасьці і нават злоўжываньняў. У прыватнасьці, гэта традыцыйна тычыцца артыкулаў на такую тэму, як гісторыя Беларусі, дзе было шмат эпізодаў і пэрыядаў, якія могуць па-рознаму ацэньвацца ў залежнасьці ад таго, з чыёй пэрспэктывы на гэта глядзець.
Напрыклад, артыкулы пра гісторыю Заходняй Беларусі ў міжваенны час актыўна правяцца польскімі нацыяналістамі, для якіх Заходняя Беларусь — гэта «Крэсы Всходне», дыскрымінацыі супраць беларусаў там не было, а беларускі нацыянальна-вызваленчы рух — гэта спрэс дывэрсанты і марыянэткі Масквы.
Артыкулы пра гісторыю ВКЛ — там справа яшчэ горшая, бо літоўская нацыяналістычная гісторыяграфія зараз і ў гістарычнай навуцы мае вызначальны ўплыў на тое, як ВКЛ разглядаюць у сьвеце. Таму пакуль не заварушацца афіцыйная беларуская гістарычная школа і беларуская дзяржава, нам давядзецца мірыцца з тым, што ангельскамоўная Вікі перапоўненая выдуманымі ў ХХ стагодзьдзі імёнамі кшталту «Вітаўтас» і «Міндаўгас», і тым, што сталіца ВКЛ там называецца «Вільнюс».
Што неабыякавым беларусам варта цяпер у сувязі з усім гэтым рабіць:
1. Рэгулярна патруляваць цікавыя вам артыкулы і адсочваць факты шавіністычнага вандалізму.
2. Адшукваць якасныя крыніцы фактаў і аб'ектыўнай інфармацыі па тых ці іншых эпізодах беларускай гісторыі (у ідэале на ангельскай мове) і дапаўняць артыкулы цікавай інфамацыяй са спасылкамі на такія крыніцы.
Што такое якасныя крыніцы:
— Навуковыя артыкулы ці кнігі (напрыклад, добра было б адшукаць у інтэрнэце кнігі Тыматы Снайдэра)
— Даведнікі
— У горшым выпадку, артыкулы ў нейкіх прыстойных СМІ
Што такое дрэнныя крыніцы:
— Блогі
— Артыкулы з гатовымі рэфэратамі для студэнтаў
3. Рэдагаваць артыкулы: адкатваць вандалізм, выпраўляць фармулёўкі на нэўтральныя — з пазначэньнем крыніцаў.
4. Можна рабіць гэта ў камандзе — давайце гуртавацца.
5. Варта пісаць артыкулы пра тэмы, датычныя Беларусі, якія яшчэ слаба адлюстраваныя ў Вікіпэдыі. Пры гэтым можа быць і так, што на такія тэмы ня будуць лезьці польскія ці летувіскія вандалы. Напрыклад:
— Артыкулы пра гісторыю БНР
— Артыкулы пра палітыку ў сучаснай Беларусі:
бракуе якаснага разбору, з спасылкамі на заявы і заключэньні АБСЭ, недэмакратычнасьці беларускіх выбараў і рэфэрэндумаў;
бракуе якаснага артыкулу пра гістарычны Беларускі Народны Фронт. Цяперашні артыкул неблагі, але малаваты і яму бракуе спасылак. Плюс варта зрабіць асобныя артыкулы пра БНФ «Адраджэньне» і пра Партыю БНФ.
— Варта абнавіць артыкулы пра беларускія палітычныя партыі і партыйныя кааліцыі (такое ўражаньне, што там інфармацыя па стане на 10 гадоў таму)
— Не падабаюцца артыкулы пра Станіслава Шушкевіча, Зянона Пазьняка.
— Артыкулы пра гарады, мястэчкі, раёны і г.д. Напішыце пра ваш горад ці адкуль вашыя карані — самім прыемна будзе.
Калі яшчэ засталіся пытаньні — давайце абмяркоўваць у камэнтарах.
P.S. Дадаў у артыкул пра Заходнюю Беларусь разьдзел пра дыскрымінацыю беларусаў. Крыніцы там не заўжды ідэальныя, так што буду ўдзячны, калі падкінеце яшчэ дадаткова добрых, асабліва на ангельскай мове.