Польшча не выключае экстрадыцыі са Швецыі суддзі часоў ПНР
Новы кіраўнік польскага Інстытута нацыянальнай памяці Яраслаў Шарэк не выключыў экстрадыцыі з Швецыі ў Польшчу вайсковага суддзі часоў ПНР 86-гадовага Стэфана Міхніка.
Стэфан Міхнік з'яўляецца зводным братам заснавальніка польскай Gazeta Wyborcza Адама Міхніка.
Польскі Інстытут нацыянальнай памяці гадамі вядзе справу Стэфана Міхніка. Паводле словаў публіцыста Тадэвуша Плужанскага, «на сумленні Міхніка мінімум 9 смяротных прысудаў у адносінах да невінаватых людзей (частка іх не была выкананая)».
Працэдуру супраць Міхніка пачала ў 1999 годзе міністр юстыцыі Ганна Сухоцка. Абвінавачванні гучалі наступным чынам: вынясенне смяротных прысудаў у фіктыўных палітычных працэсах, што, згодна з Канстытуцыяй Польшчы, з'яўляецца злачынствам. Аднак тады справа не атрымала свайго развіцця.
У 2010 годзе Вайсковы суд у Варшаве па заяве следчага з ІНП выдаў ордар на арышт Стэфана Міхніка, на аснове якога быў атрыманы Еўрапейскі ордар на арышт. 18 лістапада 2010 года Швецыя адмовілася выдаваць Міхніка, заявіўшы, што тэрмін даўнасці злачынстваў, якія ён здзейсніў, мінуў.