Трамп паабяцаў сысці з бізнэсу на час прэзідэнцтва
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што рыхтуецца да «поўнага адыходу ад бізнэсу» на працягу свайго прэзідэнцкага тэрміну, каб пазбегнуць канфлікту інтарэсаў, піша ВВС.
Getty
«Цяпер рыхтуюцца дакументы, падпісаўшы якія, я цалкам выйду з бізнэс-аперацый. Прэзідэнцтва — нашмат больш важная задача», — напісаў магнат у твітары.
«Хоць паводле закона я не абавязаны гэтага рабіць, як прэзідэнт, я лічу важным пазбегнуць канфлікту інтарэсаў са сваімі кампаніямі», — пракаментаваў сваё рашэнне Трамп.
Дэталі свайго сыходу ён абяцае распавесці на прэс-канферэнцыі 15 снежня.
Трамп ацэньвае сваю маёмасць у больш чым 10 млрд даляраў, хоць гэтая ацэнка аспрэчваецца экспертамі. Арганізацыі, якія вывучалі яго фінансы, прыйшлі да розных высноў.
Часопіс Forbes ацаніў яго маёмасць у 4,5 млрд даляраў, кампанія Wealth-X — у 4,4 млрд, а Індэкс мільярдэраў Bloomberg лічыць, што ў Трампа усяго 2,9 млрд даляраў.
Трамп адхіляе ўсе гэтыя ацэнкі, заяўляючы, што ён «каштуе значна больш».
Трамп узначаліў бізнэс свайго бацькі ў 1979 годзе. У 1999 ён пабудаваў самае знакамітае сваё збудаванне — 68-павярховы хмарачос Trump Tower на Пятай авеню ў Нью-Ёрку. За гэтым рушылі ўслед іншыя праекты, якія носяць імя Трампа — Trump World Tower, Trump International Hotel і іншыя.
Трамп таксама развіваў сеткі гасцініц і казіно, але гэты кірунак бізнэсу абярнуўся чатырма банкруцтвамі — зрэшты, удар прыйшоўся па асобных прадпрыемствах, а не па ўсёй бізнэс-імперыі Трампа.
Акрамя гэтага, Трамп займаўся шоў-бізнэсам. З 1996 па 2015 год ён валодаў правамі на конкурсы прыгажосці Міс ЗША і Міс Сусвет, а ў 2003 годзе запусціў на канале Эн-бі-сі рэаліці-шоу «Кандыдат», у якім быў прадзюсарам і вядучым.