БЕЛ Ł РУС

Пад Маладзечнам дасталі з вады мужчыну, а выратаваць не змаглі. Бо ніхто не ведаў, як гэта робіцца

3.08.2018 / 11:39

Наталля Тур

што рабіць у надзвычайнай сітуацыі?

На вадаёме ў вёсцы Крыніца, што пад Маладзечнам, 1 жніўня патануў мужчына.

Мужчына, якому было каля 30 гадоў, адпачываў у кампаніі. Яго паспелі выцягнуць з вады, але не выратавалі.

Маладзечанец Аляксандр, што апынуўся на тым вадаёме, расказаў, што ніхто не ведаў, што рабіць.

«Мы з сябрамі адпачывалі з іншага берага возера, і ўжо з’язджалі дадому, калі раптам нам насустрач выбегла жанчына, якая звала на дапамогу. З яе словаў мы зразумелі, што ў вадзе тоне мужчына. Пакуль мы дабеглі да таго месца, у ваду кінуўся таксіст, які апынуўся побач. Ён выцягнуў мужчыну на бераг і адышоўся ў бок, аддыхацца».

Алякандр кажа, што ў гэты момант ва ўсіх прысутных было толькі адно пытанне: «А што цяпер?»

«Жанчына галасіла, мае сябры таксама стаялі і разводзілі рукамі. Я падумаў: ну блін, ва ўсіх жа ў школе былі ўрокі АБЖ, і пачаў рабіць тое, пра што пісалі ў падручніках.

Я не ўмею рабіць ні масаж сэрца, ні штучнае дыханне, але нахіліўся над ім і спрабаваў штосьці рабіць.

Ніціскаў і націскаў на грудзіну, пакуль не пачуў, што нешта хруснула. Я зламаў яму рабрыну. Рабіў штучнае дыханне, пакуль не пачуў, што пад’ехала «хуткая». Мае вусны да гэтага баляць ад яго зубоў. На апошнім уздыху з носа мужчына пайшла кроў. Я падумаў, а раптам так павінна быць, і ён ачуняе.

Але доктар, што прамацаў пульс, сказаў толькі адно слова: «Смерць».

Што ж рабіць у такой надзвычайнай сітуацыі?

Дыспетчар службы 101 расказаў, якім павінен быць алгарытм дзеянняў, пакуль на месца здарэння не прыедзе «хуткая» дапамога:

«Па-першае, кідацца ў ваду, каб выратаваць кагосьці, можна, толькі калі вы ўпэўненыя ва ўласных сілах. Таму што чалавек, які тоне, знаходзіцца ў стане шоку, ён будзе чапляцца вам за шыю, каб выратавацца самаму. Таму, калі вы падплылі да чалавека, старайцеся схапіць яго ззаду».

Што рабіць, калі вы выцягнулі чалавека на бераг, а ён без прытомнасці?

«Рэанімацыйныя дзеянні, — кажа дыспетчар МНС, — у ідэале трэба праводзіць удваіх. Адзін чалавек робіць два ўдыхі, другі — пяць разоў націскае на грудзі».

Калі чалавек прыйшоў у сябе і пачаў адкашліваць ваду, павярніце яго на бок, каб ён не захлынуўся.

«І адразу аддайце ў рукі хуткай дапамогі», — падсумаваў дыспетчар.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула