У Венесуэле ўпершыню за 15 гадоў дазволілі абмен валют
Венесуэльцам упершыню за 15 гадоў дазволілі мяняць валюту. Улады разлічваюць, што гэта аслабіць ціск на эканоміку ва ўмовах інфляцыі, якая дасягнула мільёна працэнтаў.
Грамадзяне Венесуэлы змогуць набываць замежную валюту ў спецыяльных установах, якія атрымаюць дзяржаўную ліцэнзію, паведамляе РБК са спасылкай на Reuters.
Цяпер жа купля і продаж валюты іншых краін караецца як крымінальнае злачынства.
Забарона на абмен валюты існавала ў Венесуэле з 2003 года і была ўведзена па ініцыятыве прэзідэнта Уга Чавеса, які разлічваў тым самым спыніць сыход капіталаў з краіны. У выніку венесуэльскія прадпрыемствы пазбавіліся валюты, у якой мелі патрэбу для закупак з-за мяжы.