Лівійскі фельдмаршал, на баку якога, магчыма, ваююць расійскія сілы, пачаў наступ на Трыпалі
Камандуючы Лівійскай нацыянальнай арміяй (ЛНА) фельдмаршал Халіфа Хафтар загадаў сваім войскам пачаць наступ на сталіцу краіны Трыпалі.
Як паведамляе Al Jazeera, Хафтар аддаў загад не страляць у грамадзянскіх, а таксама гарантаваў бяспеку тым, хто добраахвотна складзе зброю.
Хафтар пачаў наступ на Трыпалі перад чарговым раўндам мірных перамоваў у Лівіі пад эгідай ААН. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, які цяпер знаходзіцца ў Трыпалі, заклікаў да дээскалацыі канфлікту.
Пасля звяржэння Муамара Кадафі ў 2011 годзе ў Лівіі усталявалася двоеўладдзе. Трыпалі і захад краіны знаходзяцца пад кантролем урада нацыянальнага адзінства, які падтрымлівае ААН. Усход і часткова поўдзень Лівіі кантралюе абраная ў 2014 годзе палата прадстаўнікоў (вядомая як «урад у Табруку»), якую падтрымлівае Халіфа Хафтар і яго армія.
Раней таксама паведамлялася, што Расія паслала ў Лівію кантынгент, менавіта навучаць войскі Хафтара. Масква гэтыя паведамленні адмаўляла.