БЕЛ Ł РУС

Беларускія рамеснікі адгукнуліся на забарону тэлефонаў у школах, і прапануюць новы тавар — тэлефонніцы

26.09.2019 / 23:42

НТ

Не паспела яшчэ высахнуць фарба на ўнутрышкольных загадах аб тым, што забараняецца карыстацца мабільнікамі ў школе, як народныя ўмельцы жыва адрэагавалі на новую моду.

І сталі вырабляць тэлефонніцы — скрыначкі для таго, каб можна было захоўваць у іх тэлефоны, якімі нельга карыстацца падчас урокаў.

Рамесніца з Мінску Вольга Юдзіна расказала «Нашай Ніве» пра новы выраб.

«Тэлефонніцы я стала рабіць толькі тыдзень таму. І я была ў гэтым першая. Цяпер я ўбачыла, што робяць іх і з дрэва, і з пластыку. Але ад гэтага замоў у мяне не стала менш. Тэлефонніцы я раблю на станку, пасля збіраю іх уручную, і для многіх яны здаюцца нятаннымі», — расказвае рамесніца.

Тэлефонніца каштуе 45 рублёў.

«Я сама працую ў педагогіцы, я настаўнік-дэфектолаг у дзіцячым садку. Мая дачка пайшла ў першы клас, зараз мы з іншымі бацькамі і настаўніцай абмяркоўваем, ці патрэбна класу тэлефонніца. Калі так, то з задавальненнем зраблю. Настаўнікам падабаюцца мае працы, але для бацькоўскага камітэту гэта задорага», — удакладняе Вольга Юдзіна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула