Галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе стаў Георгій Кандрацьеў. Хто гэта?
Яму 61 год. Балельшчыкам са стажам яго прадстаўляць не трэба. Кандрацьеў гуляў нападнікам у славутым мінскім «Дынама», у складзе якога выйграў чэмпіянат СССР 1982 года. Гэта адно з галоўных дасягненняў беларускага футбола.
Таксама гуляў за зборную СССР і забіў у чэмпіянатах Саюза больш за 100 галоў.
Як трэнер атрымаў найбольшую вядомасць, калі ўзначальваў моладзевую зборнай Беларусі. З ёй ён стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы (2011) і заваяваў пуцёўку на Алімпійскія гульні 2012.
Кандрацьеў ужо узначальваў нацыянальную зборную (у першай палове дзясятых), да нядаўняга часу працаваў памочнікам Міхаіла Мархеля, мінулага трэнера зборнай. Але асаблівымі поспехамі не вызначыўся.