БЕЛ Ł РУС

Вяскоўца абвінавацілі ў тым, што ён труціць суседскіх сабак і катоў. Ён пайшоў у суд з-за паклёпніцтва і выйграў яго

16.01.2022 / 18:53

Nashaniva.com

У адной з вёсак Шаркаўшчынскага раёна пачалі хадзіць чуткі, што адзін з яе жыхароў труціць суседскіх сабак і катоў. Абураны вясковец падаў на паклёпніка ў суд і яго выйграў

21 снежня 2021 года суд Шаркаўшчынскага раёна разгледзеў пазоў аб абароне гонару і годнасці. У канфлікт уступілі два аднавяскоўцы: адзін сцвярджаў, што сусед атруціў ягонага сабаку і катоў іншага жыхара, іншы ж гэта адмаўляў і абураўся, што такія чуткі ягоны нядобразычлівец распускае па ўсёй вёсцы. У рэшце рэшт мусіў звярнуцца з пазовам у суд.

За маральную шкоду, «якая праявілася ў маральных і фізічных пакутах», пазоўнік патрабаваў спагнаць з паклёпніка на сваю карысць 200 рублёў, а таксама абавязаць адказчыка абвергнуць хлусню.

Суд стаў на бок пазоўніка, паколькі ніякіх доказаў праўдзівасці інфармацыі пра атручванне прадстаўлена не было. І хоць адказчык сваю віну не прызнаў, паводле судовага рашэння ён усё ажно абавязаны выплаціць апаненту кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 100 рублёў, плюс 174 рублі дзяржаўнай пошліны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула