Яшчэ адна краіна адновіць працу пасольства ў Кіеве
Праца італьянскага пасольства ў Кіеве адновіцца адразу пасля Вялікадня, сказаў у суботу міністр замежных спраў Італіі Луіджы Дзі Маё.
Першай краінай, якая вярнула сваё дыппрадстаўніцтва ва ўкраінскую сталіцу пасля пачатку вайны, стала Турцыя.
З 11 сакавіка персанал амбасады знаходзіўся ў Чарнаўцах, але 6 красавіка турэцкія ўлады абвясцілі аб вяртанні ў Кіеў.
Таксама пра вяртанне паслоў заявілі Літва і Латвія.
Як сказаў у пятніцу кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль, які знаходзіўся ў Кіеве, прадстаўнікі Еўрасаюза неўзабаве вернуцца ў Кіеў, а за імі пойдуць і супрацоўнікі пасольстваў, раней эвакуяваных з украінскай сталіцы.
Паступовае вяртанне дыпламатаў ва ўкраінскую сталіцу азначае, што заходнія краіны ацэньваюць імавернасць паўторнай спробы захопу Кіева як невысокую.