БЕЛ Ł РУС

У польскіх Татрах загінуў 22-гадовы хлопец з Беларусі

5.07.2023 / 13:35

Nashaniva.com

абноўлена

У польскіх Татрах знайшлі мёртвым маладога хлопца з Беларусі Змітра Краўцова. Ён пайшоў у горы ў панядзелак, 3 ліпеня. Татранская валанцёрская служба абвяшчала пра пошук яго. 

Зміцер Краўцоў. Фота з Facebook

22-гадовага Змітра Краўцова з аўторка шукалі ратавальнікі.

Тады ж у мясцовай горнай супольнасці карыстальнікі скардзіліся на «смецце», знойдзенае каля адной з альпінісцкіх трас у скалах Татр: заплечнік, дзве пары мужчынскага абутку, вяроўка, кепка і іншыя асабістыя рэчы.

Дасведчаныя турысты адзначылі, што гэта не звычайнае кінутае смецце, а нечы заплечнік, які растрыбушылі птушкі. У каментарах да публікацыі пра пошук беларуса карыстальнікі згадалі пра гэты выпадак і выказалі асцярогі, што гэта маглі быць рэчы Краўцова.

Бліжэй да поўдня Змітра знайшлі мёртвым, як паведаміла 24tp.pl. Ратавальнікі з дапамогай верталёта перавезлі цела хлопца да бальніцы ў Закапанэ.

Як паведамляе PAP, Зміцер пакінуў машыну на паркінгу на Лысай паляне. Па словах яго знаёмых, ён адправіўся ў горы адзін.

Калі хлопец не вярнуўся, яго знаёмая забіла трывогу. У аўторак увечары ратавальнікі пачалі шукаць беларуса з дапамогай дронаў. Сёння раніцай пачаліся маштабныя пошукі з верталётам. 

Зміцер Краўцоў спыніўся ў Кракаве. Падобна, ён не так даўно пераехаў у Польшчу, як звярнула ўвагу «Люстэрка». Тыдзень таму, 27 чэрвеня, Зміцер размясціў у мясцовай групе допіс пра тое, што шукае працу ў сферы гастраноміі ці ў клубе, гатовы працаваць у любы час сутак і выхадныя, мае досвед працы афіцыянтам і менеджарам, але валодае польскай пакуль на самым пачатковым узроўні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула