У Літву збег яшчэ адзін расійскі афіцэр і папрасіў палітычнага прытулку
Лейтэнант Іван Каралёў нелегальна перайшоў мяжу Літвы, здолеў дабрацца да Вільні і быў затрыманы аператыўнікамі літоўскай памежнай службы на віленскім аўтавакзале 10 жніўня, піша Бі-бі-сі.
Іван Каралёў. Фота: сайт Бі-бі-сі
Вайсковец праходзіў службу ў вайсковай часці 59313-39. Гэта «Аб'яднанае стратэгічнае камандаванне Усходняй вайсковай акругі». У звычайны час гэтая часць дыслакуецца ў пасёлку Тэйсін Хабараўскага краю.
Пасля затрымання ў Вільні вайскоўца вярнулі на памежны КПП, дзе ён знаходзіўся яшчэ суткі.
«3 жніўня я прыняў рашэнне пакінуць Расійскую Федэрацыю ў сувязі з тым, што не хацеў удзельнічаць у кровапралітнай вайне, якую развязала мая дзяржава. Я знаходжуся ў Рэспубліцы Літва, дзе папрасіў палітычнага прытулку», — сказаў Іван Каралёў Бі-бі-сі.
«Я браў удзел у СВА (так у Расіі называюць напад на Украіну. — «НН»), але знаходзіўся ўвесь гэты час на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. На тэрыторыі Украіны я не быў, — сцвярджае афіцэр. — Мы займаліся забеспячэннем расійскіх войскаў боепрыпасамі. Мы прымалі боепрыпасы з усёй Расіі, з усіх часцей, з усіх арсеналаў і размяркоўвалі іх брыгадам, часцям непасрэдна ва Украіну».
Заява ад афіцэра-артылерыста, які быў «намеснікам начальніка склада ўлікова-аперацыйнага аддзялення палявога артылерыйскага склада» 11 жніўня была прынятая да разгляду, пасля чаго яго адправілі ў міграцыйны цэнтр у Падбродзе (Пабрадзе), дзе ён будзе знаходзіцца, пакуль літоўскія ўлады будуць разглядаць ягоную заяву.
Чытайце таксама:
Ветэраны-афганцы з Латвіі з'ездзілі на фестываль у Беларусь. Служба бяспекі пачала праверку
У ЗША папрасіў прытулку расійскі інжынер, які ўдзельнічаў у распрацоўцы Ту-160
Польшча затрымала экс-супрацоўніка ФСБ, які ўцёк з Расіі, і рыхтуе яго да дэпартацыі