«Забяспечыў доступ супрацоўніка міліцыі да экстрэмісцкіх матэрыялаў, тым самым распаўсюдзіў гэту прадукцыю». У Беразіне чалавека асудзілі з такой фармулёўкай
У судзе Бярэзінскага раёна 11 верасня асудзілі мужчыну паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Паводле матэрыялаў справы, у яго тэлефоне міліцыянты знайшлі аплікацыю «Новости Беларуси — Zerkalo.io», піша «Вясна».
На судзе чалавек прызнаў віну і патлумачыў, што набыў тэлефон за месяц да затрымання з ужо ўсталяванай аплікацыяй, але не выдаліў яе.
Суд адзначыў, што забароненую інфармацыйную прадукцыю мужчына захоўваў, маўляў, менавіта для распаўсюду, што пацвярджаецца ў тым ліку тым, што
«ён забяспечыў доступ супрацоўніка міліцыі да экстрэмісцкіх матэрыялаў, тым самым распаўсюдзіў гэту прадукцыю».
Вынікам суда стаў 15-суткавы арышт.
Чытайце таксама:
Палітзняволеную маці дваіх непаўналетніх дзяцей будуць судзіць паводле пяці крымінальных артыкулаў
У Мінску затрымалі 21-гадовага слесара, які зрабіў фота ў міліцэйскай форме
На волю выйшлі палітвязні Яўген Календа і Дзмітрый Адарачкін