З'явіўся сайт з гайдамі па беларускай вышыўцы ад класных майстрых
Праект цікавы як для навічкоў, якія хочуць паглыбіцца ў свет народнай вышыўкі, так і для майстрых, каб расказаць пра сябе і падзяліцца ўменнямі.
Праект стварыла Аляксандра Куркова, заснавальніца ювелірнага брэнда Belaruskicry, які стаў вядомы дзякуючы кулонам з абрысамі Беларусі. Рыхтуючы новую калекцыю, натхнёную нацыянальным беларускім арнаментам, дзяўчына паглыбілася ў вывучэнне старажытных сімвалаў.
Новая калекцыя ўпрыгожанняў Belaruskicry. Фота: сайт брэнда
Аляксандра і яе каманда размаўлялі з этнографамі і сучаснымі майстрыхамі вышыўкі. Вывучэнне ўзораў аказалася захапляльнай прыгодай, якая неўзабаве перарасла ў новы праект.
Праект «Сучасная вечнасць. Вышыўка і людзі, якія яе ствараюць» аб'ядноўвае аматараў вышыўкі і гісторыі беларускага строю з розных куткоў свету. Рэсурс сабраў базу майстрых, якія не толькі працуюць з беларускім нацыянальным касцюмам, але і могуць навучыць валодаць іголкай і пяльцамі ўсіх ахвотных.
«Шмат суайчыннікаў, якія робяць класныя і важныя рэчы, раскіданыя па ўсім свеце, і няма пэўнага месца, дзе іх можна сабраць. Таму мы вырашылі аб'яднаць іх на нашым рэсурсе», — расказвае Аляксандра.
Цяпер у бібліятэцы сайта сабраны акаўнты сямі ўмеліц. Напрыклад, ёсць гісторыя спявачкі і вядучай Кацярыны Ваданосавай, у чыім гардэробе ўжо некалькі пашытых уласнаручна народных строяў. І схема вышыўкі ад яе — узора «Памяць».
Спампаваць схему «Памяць» на сайце праекта
Алена, дызайнерка брэнда «Лукіна», найперш працуе з перапрацаванымі матэрыяламі. Яна шукае вінтажныя тканіны, люксавае неактуальнае адзенне альбо рэшткі вытворчасці і робіць з гэтага новыя стылёвыя рэчы. На сайце «Сучасная вечнасць» дзяўчына падзялілася схемай «Кацяня».
Спампаваць схему «Кацяня» на сайце праекта
А майстрыца Наста, якая жыве ў Варшаве і займаецца сваім брэндам адзення і аксесуараў Kanva, прапануе вышыць схему «Павук».
Спампаваць схему «Павук» на сайце праекта
Кожная з удзельніц прыўносіць у праект часцінку сваёй самабытнасці і ўнікальнага бачання беларускага культурнага кода. У хуткім часе да дзяўчат дададуцца новыя майстры:
«Гэта жывы рэсурс, куды чалавек можа адправіць сваю заяўку і такім чынам патрапіць у базу майстроў, у якіх можна павучыцца, купіць беларускую сімволіку або даведацца што-небудзь пра яе».
Цікава, што праект арыентаваны не толькі на жанчын. Заснавальніца тлумачыць:
«Мы вельмі чакалі мужчын, якія займаюцца касцюмам ці нечым, што звязана з Беларуссю і беларускім арнаментам, але пакуль адгукнуліся толькі жанчыны. Спадзяюся, што бібліятэка будзе папаўняцца і хутка да нас далучацца і хлопцы».
Аляксандра ўпэўнена, што заняткі вышыўкай могуць стаць выдатным інструментам барацьбы са стрэсам.
«Пакуль чалавек не пачне вышываць, ён не зразумее, наколькі гэта крута, наколькі гэта зачаравальны і цікавы працэс. Я думаю, што вышыўка — гэта наша беларуская медытацыя, толькі яна яшчэ і з сэнсам, бо праца застаецца ў цябе на руках, з тваёй энергіяй».
Каб навічкам было зручней спасцігаць рамяство, Аляксандра плануе запусціць прыгожыя падарункавыя каробкі з усім неабходным для вышыўкі (іголкамі, канвой, пяльцамі), а таксама пашырыць колькасць прапанаваных схем.
Чытайце таксама: Ювелірны брэнд Belaruskicry прэзентаваў калекцыю абярэгаў