У Латвіі за дзень сабралі грошы на аднаўленне «чэрапа Пуціна»
Плакат стаў сімвалам падтрымкі Латвіі ў барацьбе Украіны за свабоду.
Музею гісторыі медыцыны Паўла Страдыня ўдалося сабраць 5769 еўра на аднаўленне плаката з «чэрапам Пуціна». Раней размешчаны на фасадзе будынка музея плакат быў пашкоджаны ветрам, таму 16 лістапада на платформе Ziedot.lv быў абвешчаны збор ахвяраванняў на яго аднаўленне, піша Delfi.lv.
На аднаўленне парванага восеньскім ветрам антываеннага плаката патрабавалася 5500 еўра. Музей заклікаў рабіць ахвяраванні, каб знайсці больш доўгатэрміновае рашэнне для плаката.
Плакат быў размешчаны на фасадзе музея насупраць пасольства Расіі. Тады, у пачатку сакавіка 2022 года, яго павесілі на часовыя будаўнічыя рыштаванні. Парваны чарговы раз восеньскім ветрам плакат патрабаваў сур'ёзных аднаўленчых работ, у тым ліку неабходныя ўмацаваныя ў будаўнічай канструкцыі фасада металічныя рыштаванні і друк на лягчэйшай тканіне.
Дызайн вокладкі часопіса Ir, створаны мастаком Крышсам Салманісам, у выглядзе плаката памерам 6,5x10 метраў убачылі мільёны карыстальнікаў сацыяльных сетак.