У Мінску ў лютым закрылася прадстаўніцтва кампаніі Xerox
У пачатку 1990-х гэты брэнд стаў адным з сімвалаў прыходу ў Беларусь рынкавых адносін і адной з крыніц першапачатковага капіталу.
Паводле даных, размешчаных на сайце Мінгарвыканкама, рашэнне аб ліквідацыі прадстаўніцтва прынялі ўласнікі кампаніі, піша выданне «Беларусы і рынак».
Прадстаўніцтва Xerox было зарэгістравана брытанскім офісам амерыканскай карпарацыі ў Мінску ў 2008 годзе. Але сам брэнд прысутнічаў на рынку Беларусі з пачатку 1990-х.
У тым перыядзе прадукцыя Xerox Corporation, сусветнага лідара ў вытворчасці масавых капіявальных апаратаў, была адным з самых вядомых і запатрабаваных у беларусаў тавараў заходняга свету.
На яе імпарце, продажах і сэрвісе зарабілі першапачатковыя грошы многія вядомыя бізнэсоўцы Беларусі. Адным з першых «ксераксы» ў краіну ў 1990-я пачала завозіць фірма «Ідэя», прэзідэнтам і саўладальнікам якой быў вядомы бізнэсовец Леанід Шатон. Частку сродкаў, выручаных ад продажу дэфіцытнай аргтэхнікі, Шатон пазней уклаў у стварэнне Беларускай фондавай біржы і Беларускага біржавога банка.
Да сярэдзіны 1990-х, пасля запаўнення нішы, продажы «ксераксаў» выйшлі на плато. Да гэтага года яны і сэрвіс пастаўленых апаратаў падтрымліваліся дзеючымі ў Беларусі прадстаўніцтвамі карпарацыі.
Чытайце таксама:
Канец гісторыі. У Мінску ліквідуюць таварыства падманутых укладчыкаў, дапамогу якім абяцаў Лукашэнка
Фінскі канцэрн Olvi хоча прадаць «Лідскае піва», а не можа
За якую суму Raiffesen можа прадаць Прыёрбанк інвестару з ААЭ