БЕЛ Ł РУС

Дзе ў Мінску можна зрабіць прышчэпку ад клешчавога энцэфаліту

5.06.2024 / 13:10

Nashaniva.com

У Беларусі маюцца вакцыны расійскай і еўрапейскай вытворчасці, якія трохі адрозніваюцца адна ад другой.

Вакцынацыя ад клешчавога энцэфаліту абавязковая для людзей, якія прафесійна працуюць у лесе, але яна даступная і для насельніцтва, заявіў падчас прэс-канферэнцыі галоўны пазаштатны інфекцыяніст камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Святаслаў Вельгін, піша «Спутнік».

«У дачыненні да насельніцтва яна (вакцына) менш распаўсюджаная, толькі апошнім часам стала набываць папулярнасць. Але яна даступная», — падкрэсліў Вельгін.

Паводле яго слоў, у Мінску прышчэпку ад клешчавога энцэфаліту робяць у цэнтры вакцынапрафілактыкі на базе Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы на Якубоўскага.

«Туды можна патэлефанаваць і даведацца аб наяўнасці ў краіне вакцыны», — парэкамендаваў інфекцыяніст.

Акрамя гэтага, вакцыну можна замовіць у цэнтральных раённых паліклініках. Таксама многія прыватныя медыцынскія цэнтры робяць прышчэпкі, дадаў Вельгін.

Ён таксама адзначыў, што ў краіне маюцца вакцыны расійскай і еўрапейскай (звычайна аўстрыйскай) вытворчасці, яны трохі адрозніваюцца па складзе.

Галоўны пазаштатны інфекцыяніст таксама звярнуў увагу, што адрозніваюць заходні і ўсходні энцэфаліт, апошні працякае больш цяжка.

«Раней мы звычайна рэкамендавалі вакцынацыю людзям, якія ідуць на сплавы, куды-небудзь у тайгу, менавіта ў Расію, там, дзе распаўсюджаны ўсходні клешчавы энцэфаліт. Ён выклікае цяжкія наступствы — пацыенты могуць трапляць на штучную вентыляцыю лёгкіх і нават смяротныя вынікі могуць быць», — сказаў Вельгін.

Штогод у краіне фіксуецца каля 200 выпадкаў клешчавога энцэфаліту, звыш 2 тысяч — лайм-барэліёзу. Штогод па дапамогу да медыкаў у Беларусі звяртаецца каля 50 тысяч чалавек, якія пацярпелі ад кляшчоў.

Чытайце таксама:

У Баранавічах людзі заразіліся клешчавым энцэфалітам, хоць кляшчы іх не кусалі

Стала вядома, якую групу крыві найбольш любяць кляшчы

Два чалавекі аказаліся ў рэанімацыі ў Гродне з-за ўкусаў кляшчоў

Каментары да артыкула