Мытня Нідэрландаў правярае кампаніі наконт увозу беларускай санкцыйнай драўніны
Мытня Нідэрландаў зрабіла праверку ў дачыненні трох кампаній, якія працуюць у сферы лесанарыхтоўчай прамысловасці. Як мяркуецца, яны імпартавалі лесаматэрыялы з Расіі і Беларусі праз Кітай і Кыргызстан, піша «Белсат».
Імпарт драўніны і вырабаў з яе з Беларусі і Расіі забаронены з 2 сакавіка 2022 года (выключэнне — пастаўкі паводле кантрактаў, якія былі заключаныя да названай даты). Гэтыя санкцыі былі ўведзеныя за агрэсію супраць Украіны.
«Лесагандляры з гэтых краін спрабуюць абысці правілы, пастаўляючы сваю прадукцыю на еўрапейскі рынак праз іншыя дзяржавы. Каманда POSS (Precursors, Origin, Strategic Goods and Sanctions Legislation) адказвае ў мытнай службе за маніторынг санкцыйных захадаў», — паведамляе мытня Нідэрландаў.
Адзначаецца, што кампаніі, якія праверыла мытня, цалкам супрацоўнічалі з ёй падчас праверкі.
«Выкарыстоўваючы гэтыя звесткі, мытная служба правядзе расследаванне паходжання імпартаванай драўніны. Калі выявіцца, што драўніна паступае з санкцыйных краін, будзе вызначацца, ці ведалі пра гэта кампаніі. Мытня перадае вынікі расследавання пракурору. Апошні ў выніку вырашае, ці будзе распачатая крымінальная справа», — падсумоўвае мытня Нідэрландаў.
Апошнія даступныя гандлёвыя звесткі на Белстаце — за 2021 год. Тады асноўнымі пакупнікамі беларускай драўніны і вырабаў з яе былі Польшча, Літва, Расія, Латвія, Нямеччына, Украіна і Нідэрланды.
Чытайце таксама:
Падсанкцыйную драўніну з Беларусі вязуць у Еўрасаюз нібыта як казахстанскую — расследаванне