БЕЛ Ł РУС

Эксперты папярэджваюць пра рызыку пандэміі птушынага грыпу

4.07.2024 / 14:42

Nashaniva.com

Даследчыкі мяркуюць, што вірусам могуць заразіцца і людзі. Больш за тое, ён можа перадавацца ад чалавека да чалавека.

Ілюстрацыйнае фота

Вірус H5N1 цыркулюе сярод птушак ужо некалькі дзесяцігоддзяў — спачатку ён з'явіўся ў Азіі, але з часам распаўсюдзіўся па ўсім свеце. Так, напрыклад, раней у Ніжняй Саксоніі (Германія) у выніку распаўсюджвання птушынага грыпу прыйшлося знішчыць больш за 90 тысяч птушак, піша Bild.

У 2021 годзе птушыны грып дасягнуў Паўночнай Амерыкі, восенню 2023 года там упершыню заразіліся каровы. Цяпер хваля інфекцыі распаўсюджваецца ўжо па 12 штатах.

Даследчыкі мяркуюць, што вірусам могуць заразіцца і людзі. Больш за тое, імаверна, ён можа перадавацца ад чалавека да чалавека.

«Імавернасць заражэння чалавека тым больш, чым даўжэй і шырэй вірус цыркулюе сярод розных млекакормячых», — сказала газеце вірусолаг, кіраўнік Цэнтра новых вірусных захворванняў пры Жэнеўскім універсітэце Ізабэла Экерле.

Эпідэміёлаг з Гарварда Майкл Міна кажа, што ўлады ЗША «гуляюць з агнём», не прымаючы дастатковых мер супраць распаўсюду хваробы. Тым часам вірус H5N1 ужо быў знойдзены ў мышэй і катоў.

Па даных Цэнтра па кантролі за захворваннямі ЗША, вірус можа выклікаць у людзей як лёгкія інфекцыі верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, так і патэнцыйна смяротныя захворванні — такія, напрыклад, як пнеўманію.

«Вірус птушынага грыпу цяпер шырока распаўсюджаны сярод дзікіх птушак па ўсім свеце, што падвышае рызыку яго адаптацыі да чалавека, — заявіў у размове з Bild былы эксперт СААЗ па пандэміях, прафесар Клаус Шцёр.

Пры гэтым, паводле яго слоў, цяпер птушыны грып не перадаецца ад чалавека да чалавека.

«Захворванні і смяротныя выпадкі сярод людзей у цяперашні час вельмі рэдкія. Для гэтага неабходны вельмі інтэнсіўны кантакт з заражанымі жывёламі, а інфікаваныя людзі не перадаюць вірус», — дадаў Шцёр.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула